Водны паход: рэчка Можа, крыху рэчка Бобр
Калі: 4 – 7 лістапада 2005 года
Узельнікі: Сабадаш-Радзько Фёдар - арганізатар Сяргей Аніскевіч Зьміцер Валера Кірыл (kir2005) Тацьцяна (murljandia) Федзюковіч Юрась (DzedFyodar) Міроненка Мікола (Ozone) Рыбачкін Раман (RomanPro) Андрэй (Bobr) Bobr2 Сяргей (DARK) SeReGa Забалотны Сяргей
Маршрут: в. Машчаніца, в. Можаны, в. Матошка, в. Старыя Пышачы, м. Ухвала, в. Стары Сокал, в. Вялікі Вязок, в. Малы Вязок, в. Выдріца.; Крупаўскі раён Менскай вобласьці.
04.11.2005 – пятніца Ня гледзячы на тое, што збор быў абвешчаны на 18 гадзін, заяўку на машыну Кірыл зрабіў на 19 гадзін. Па гэтаму прышлося "парыцца” пад вокнамі суседняга будынку, чым выклікалі моцныя здзіўленьні ў прахожых. 14 чалавек, куча мяхоў, гоман, сьмех – нешта тут ня добрае. Кірыл адважыўся не сьпяшацца, вынес сьмецьце з кватэры, выгуляў сабаку. Яшчэ крыху і мы б ня вытрымалі. Але машына прыехала і паездка ажыцьцявілася.
Машына завезла нас да вёскі Машчаніца і, не даехаўшы каля 500 мэтраў да ракі, кіроўца адмовіўся далей рухацца па лясной дарозе. Нічога, мы й самі не слабыя – свой скарб самі дапёрлі да месца начоўкі. Тут, на ўзлесьсі, спыніліся, да вады 50 мэтраў. Дарога, да рэчы, пераскокваючы праз Можу мастком, цягнецца далей. А на гадзіньніку 22:55.
05.11.2005 – субота Пастаноўка лягеру, касьцёр і вечаровая ежа для падрыхтаванай групы плёвая справа. Усё было зроблена хутка й з толкам. Гурт вакол кастру сабраўся не малы. Усё ж 14 чалавек. Абавязковае знаёмства і гітарныя сьпевы нас не абмінулі. Спаць паклаліся каля 3 гадзін ночы.
Аднак ужо ў 7 гадзін прачнуліся Валер і Зьміцер, за якімі высунуўся я і прапанаваў варыць каву. Можна сказаць, што зьбіраліся шпарка, а МОЖна і па іншаму сказаць. Збор байдарак заняў шмат часу, бо мароз на глебе ноччу быў да -3 градусаў і таму ПВХ шкуры патрабавалі асьцярогі пры раскладцы. Сабралі лягер і ставіліся на ваду ад 11 гадзіны да 12 гадзіны. А што паробіш, кампанія вялікая, адначасова, разам ускочыць у байдаркі немагчыма. Але ў гэты дзень расьцягнуцца далёка не атрымлівалася, заміналі бабровыя плаціны. За тое Кірыл вырашыў, што мінус 2 градусы ноччу і каля нуля зранку, гэта сьпякота і распрануўся. Чым потым і паплаціўся – на роўным месцы паказаў мне і Коле, ідучым сьледам, свой чырвоны кіль. А што, ну лістапад, думаеце плаваць нельга – глупства, спытайце Таню, яго матроса.
А тут жа і першая плаціна баброў. Ад месца старту ня болей 1 км. Як гэта было цікава. Нашы "Бабры” прахадзілі яе аж два разы. А што будзе потым!! Валтузіліся ля плаціны аж 20 хвілін. А праз 20 хвілін напаткалася яшчэ плаціна баброў. На жаль не праходная. А ты ж бач, а яшчэ праз 20 хвілін трэцяя бабровая плаціна. З пратокай. Ну тут ужо ўсе прайшлі, ніхто не збаяўся набраць поўную байдарку вады.
На абед спыніліся каля 14 гадзін. Здаецца і не стаміліся – дык і не прайшлі амаль анічога. Каля 6 км. Але абед – гэта справа сьвятая, робім перакус і далей у шлях.
Абавязковы прыдатак паходаў па малым рачулкам – паваленыя дрэвы ў асартымэньце. Якія пілены, якія перасунуты, якія абнесены. А праз 30 хвілінаў напаткалася бабровая плаціна, якая уразіла ўсіх. Перапад вады каля 1,3 мэтры. Пратокі не было і пачалі рабіць абнос. У гэты час Bobr заўважыў нешта цікавае. Тое была рыбіна, сьціснутая галінамі плаціны, што білася ў адчаі. То цудоўны галаўль на 400 грам быў. Юшка была што трэба. А потым Bobr сказаў, што яны пойдуць іншым шляхам і пачаў бурыць плаціну так, каб быў праход для байдаркі. Усё ў іх атрымалася. Той хто перанёс байды уважліва сачылі з нізу, як рызыкуюць "Бабры”, а потым і Кірыл.
Кайфу на гэты дзень хапіла і таму адмірал скамандаваў станавіцца на начоўку ўжо ў 16 гадзін. Месца гэта за паўкілямэтра перад злучэньнем з Можай левага прытоку Чудніцы. Мы прызналі яго правату, бо месца для стаянкі было лепшае пабачанае за дзень. Але не адмаўляюся, што не было добрых месцаў раней. За дзень пройдзена 8 кілямэтраў. І нічога, старажылы кажуць бывала і горш.
06.11.2005 – нядзеля Ня гледзячы на доўгія, да паўночы, гісторыі ля кастру, прачыналіся шпарка, разам з сонейкам. Аднак даведацца якое яно, сонейка, не атрымлівалася яшчэ 2 дні. Стаў такі моцны туман, бы малако, а на траве ён асядаў крышталямі шэрані, ператвараючыся ў сьнежныя шапкі. Лёд жа на рацэ раптоўна з’яўляўся ў зацямнёных дрэвамі месцах і пужаў напружанымі стогнамі і трэскам.
Стартавалі з ранку хутка, каля 8 гадзін. Рэчышча не шырокае, каля 3 – 4 мэтраў, пятляла ў лясных, крыху пазабалочаных абшарах. Больш, на жаль, бабровыя плаціны нам не сустракаліся ў тым выглядзе, як учора. У наступныя два дні сустракаліся толькі "падмуркі” бабровых плацін. Тут ідзе будоўля, аб чым сьведчыць падгрызеныя і паваленыя ў ваду дрэвы, кусты і гальлё ўжо за паўкілямэтра да будучай плаціны.
У гэты дзень перашкод не было, амаль. У першай палове сустрэўся толькі дужа арыгінальны і прывабны масток, а праз некалькі дзесяткаў мэтраў рэчышча ператварылася ў канал (ад маста паміж вёсак Трудавік і Матошка) і было такім на працягу 15 км. (за 1,5 км да вёскі Ухвала рэчышча стала самім сабой).
Прыгажосьць паходу перададуць здымкі. Туман стаяў цэлы дзень і здымак зроблены з ранку анічым не адрозьніваецца ад дзённага, ці вячэрняга. Аднак цікаўнасьці і прыгажосьці яны ад гэтага не губляюць. Абедалі перад вёскай Ухвала. Гнаная намі рыба траплялася на вуды мясцовых жыхароў і ні воднага разу на спінінг Зьміцера. Юшкі нам больш адведаць не атрымалася. Але і гарохавы суп – ня горшы.
Ля Ухвалы напаткаўся мост, які маецца трымацца не на палях, а як пантон, на версе вады. У сэнсе – ён плывун, чы мне гэта толькі падалося. Аднак, здаецца, што па ім ня толькі ходзяць, а і ездзяць. А нам прыйшлося цераз яго перакідваць байдаркі. Праз кілямэтар сустрэўся і аўтамабільны мост, па якім мы сюды ехалі. Далей Можа зноў углыбляецца ў лес. Сустракаліся толькі хутары і невялікая вёсачка Стары Сокал, па якіх ехала, абганяючы нас, машына аўта-крама. Гарэлкі мы так і не набылі, машына аказалася хутчэйшаю.
Ня толькі гэтая думка прымушала нас рухацца хутка. З-за ўчарашняга "соннага” ходу, падганяемыя прахалодай і невыкананьнем плянаў, разагналіся добра. Сем байдарак расьцягнуліся на добры кілямэтар.
Месц для стаянак знайсьці ня цяжка, бо лес і высокія берагі ёсьць і мяжуюць з пазабалочанымі мясьцінамі і старыкамі. Сваю ж стаянку мы рабілі на футбольным полі перад вёскай Вялікі Вязок. Цудоўнае месца, толькі летам пэўна ня зручнае для начоўкі і па гэтаму трэба ісьці ніжэй, ці спыняцца раней. Спыніліся каля 17 гадзін, а прайшлі 34 кілямэтры.
07.11.2005 – панядзелак Чаго б мы не ўчваралі ноччу, але ведалі, што зранку, ранютка ўстанем, нап’емся кавы і павяслуем мацней і хутчэй за ўчарашняе. Да месца сустрэчы з машынай каля 40 км. Раніца зноў напоўнена туманам і вільготнасьцю. Пакінуўшы футбольнае поле, выправіліся каля 7 гадзін. У тумане, як малако, прайшлі з правага боку ад вёскі Вялікі Вязок. Туман надаваў відовішчу непаўторнае адчуваньне нерэальнасьці. Па-за вёскай, праз кілямэтар аўтамабільны мост. Далей, пакідаючы вёску Малы Вязок рэчка Можа набліжаецца да шашы і пачынаюць сустракацца абсталяваныя месцы для адпачынку, стаянкі з альтанкамі. Аднак, як рака пачынае аддаляцца ад дарогі, берагі ператвараюцца ў пазабалочаныя. Даволі часта сустракаюцца мясьціны з высокім берагам дзе можна рабіць стаянкі.
На адрэзку ад маста шашы да злучэньня рэчкі Можы з рэчкай Бобр рэчышча чыстае і перашкод не сустракаецца. Адной, праўда, перашкодай з’яўляецца мост праз раку, за 45 кмілямэтраў ад вусьця Можы. Мост, чамусьці, спэцыяльна зроблены так, бы павінна тут быць плаціна. Праходу няма. Мажліва па вясьне, па вялікай вадзе і можна рызыкнуць, але я б ня раіў. Абнос па левым беразе. Уварваліся ў рэчку Бобр, пасьля маста, хутка. Я амаль і не заўважыў. Берагі тут голыя і абед рабілі праз кілямэтар, дзе рэчка Бобр набліжаецца да лесу, робіць паварот, што ўтварае шыкоўнае месца для стаянкі.
Знімаліся з маршрута ў вёсцы Выдріца, пад аўтамабільным мастом. У гэты дзень пройдзена роўна столькі, як і ў папярэдні дзень – 34 км. Агульны кілямэтраж склаў 76 км. Цудоўны вынік. |