Водны паход ПВД: рэчка Сула
Калі: 7 – 9 сакавіка 2006 года
Удзельнікі:
Кірыл (Kir_2005) - кіраўнік
Жэня
Федзюковіч Юрась (DzedFyodar)
Віця (VektoR)
Міроненка Коля
Настасься
Валодзя
Зьміцер
Андрэй (Bobr)
Зьміцер
Маршрут: в. Марозавічы, м. Рубяжэвічы, в. Гнецькі, в. Кароліна, в. Найдзёнавічы, в. Навасельле, в. Навапольле; Стаўпцоўскі раён Менскай вобласьці.
07.04.2006 – пятніца
Ужо стаўшы звычайным, збор у паходы на два-тры дні праходзіў у штатным рэжыме. Замова праз інцярнэт на сайце http://forum.poehali.net і збор а 19 гадзіне на вакзале. Заброска на аўтобусе да месца старту, аднак, і тут не абышлося бяз гумару. Нам быў бачны "знак”. Потым, значна пазьней, мы выявілі значэньне таго "знака”. А бачылі мы вясёлку, толькі праўда ня ўсю, а толькі "слупы вясёлкавыя” абапал дарогі па якой ехалі.
Але па ўсім па парадку.
08.04.2006 – субота
Начуючы амаль ля апошняй хаціны вёскі Марозавічы. Спадзяюся нікога не бянтэжылі, акрамя сабак. Марозны ранак успрынялі вельмі радасна і ўхапіліся зьбіраць байдаркі. Першы позірк на паўнаводную Сулу надаваў аптымізму. Вады было ўдосталь. Але можна было адзначыць, што ўзровень вады знізіўся амаль на мэтар.
Пэўна зараз можна адзначыць і другі "знак”, які быў намі заўважаны ноччу. Вакол месяца, што на чыстым небе сьвяціў лепей за сонца, мелася нешта падобнае на круглае сьвячэньне. Нас гэта ўразіла. Чаму я так канкрэтна спыняюся на гэтым даведаецеся далей з тэксту.
Пад’ём у 6 гадзін і на вадзе мы былі ўжо ў 9:15 па гадзіньніку. І адразу, праз 15 хвілін мы напаткалі бабровую хаціну. З лёту яе прайсьці нельга было, таму Bobr узяўся яе чысьціць. Адпілаваўшы пару галін і параскідаўшы яшчэ колькі ў бакі каманда пачала скакаць цераз плаціну. Кірыл, аднак, толькі на трэці раз пацэліў па пратоцы, дый і тое па кустоўі. А вось як бы добра Коля з Насьцяй не праскочылі плаціну, перакуліліся праз пару хвілінаў як адышлі ад яе. Адразу заўважу, што яны перагортваліся потым і другі раз. Толькі я таго ня бачыў, на жаль.
Так, пабалаваўшыся з паўгадзіны рушылі далей. Але як рушылі. Наступнае апісаньне сплава да маста ў Рубяжэвічах можна назваць коратка: прасоўваньне праз кусты. Былі два, чы тры абносы, і тэж па кустох. І так сталася, што ў Рубяжэвічах мы апынуліся толькі а палове на 14 гадзіну. Атрымліваецца, што кавалак маршрута ў 5 кілямэтраў мы праходзілі 4 гадзіны.
Пад аўтамабільным мастом у Рубяжэвічах, перад якім добры завал і кусты, невялікі каменны перакат і астанкі драўляных паляў. Трэба быць крыху ўважлівым, праходзячы тут. А на другім баку ад маста стары вадзяны млын. Тут тэж кусты і абнос па левым беразе. Хаця якая розьніца па якім, калі потым на адрэзку ў 3 км да вёскі Гнецькі сустракаецца вялікая колькасьць абнасімых кустоў, масткоў і іншай перашкаджаючай нечысьці ў вадзе.
Напрыклад я б раіў жадаючым пахадзіць па Суле пачынаць ад вёскі Гнецькі, чы хіба ад моста ў Рубяжэвічах, бо тое было дужа цяжка, а вынік нулявы. Страцілі столькі часу і моцы. Аднак некаторыя апісаньні распавядаюць пра пачатак маршрута яшчэ вышэй ад вёскі Сула. Гэта мажліва, здаецца, толькі па вельмі вялікай вадзе ў самы паводак. Да рэчы, можна разглядаць пачатак маршрута па рацэ Перакуль з тых жа Рубяжэвічаў, чы Целяшэвічаў.
Спыніліся на начоўку толькі ў 20 гадзін, бо наяўнасьць паваленых дрэваў не давала рады і накручваць кілямэтраў. Сталі на ноч недзе за 2 км да вёскі Рудня. Пры гэтым месца для стаянкі толькі адно і было, дзе Сула падыходзіць да сасновага ляску.
За дзень прайшлі каля 8 кілямэтраў.
09.04.2006 – нядзеля
Ноч праляцела, як і мае быць хутка і весела. На ранак стаўся мароз каля -50С. Пры гэтым байды зложаныя горкай змёрзліся адна да другой. Трэ было чакаць покуль сонейка высунецца з-за дрэў, каб іх разабраць і пачаць пакавацца.
Прачнуліся ў 7 гадзін, сталі на ваду адразу па-за 10 гадзінамі. Праз 1,5 км па левым баку прайшлі прыток Перакуль і амаль адразу па правым беразе выявілася вёска Рудня. Тут Сула разьлівацца пачала, а чаму, мы і пабачылі. Перад Янушкамі ёсьць "мост”. Гэтая дарога яднае Янушкі і Кароліна. Толькі гэты мост зроблены ў выглядзе трубы 2-х мэтраў дыямэтрам. Для вясеньней Сулы гэта сталася дамбай, якую яна пачала пасьпяхова размываць. Затое ў трубе вада бурліла неверагодна прыгожа.
Калі б не палі, на выхадзе з трубы і не арматура ўнутры, мажліва і рызыкнулі б праз яе прайсьці. На гадзіньніку 11 гадзін.
Далей да вёскі НайдзёнавічыСула паскарае свой бег і пачынае меандраваць бы зьмяя – загіб на загібе. Праз 3 км ад Кароліна, дзе на мапе адзнака узроўню вады 168,3 м ёсьць цудоўная абсталяваная стаянка, дзе можна рабіць начоўку. Далей Сула то адыходзіць і цячэ ў пойме, то зноў падыходзіць да невялікага кавалку лесу. За 4 км ад Найдзёнавічаў правым прытокам упадае рачулка Сярмяжка. Перад аўта-мостам у Найдзёнавічах невялікі каменны перакацік.
Пасьля Найдзёнавічаў да Навасельля і далей да НавапольляСула віхляе ў пойме з невысокімі, роўнымі берагамі. Лесу на берагах сустракаецца ня шмат і паглядаючы вакол бачыш даволі далёка ўздоўж ракі. Перад Навакольлем лес падыходзіць да ракі.
Тут, у Навапольлі, ля старога вадзянога млына мы і скончылі паход. Хоць гэта і была толькі адна палова ад намечанага маршрута, народ стаміўся і жадаў дамоў.
Ля млына ёсьць астанкі старога драўлянага маста, на якім стварыўся завал, аднак левы бок мае, паміж паляў, пратоку, якая пачынаецца з мелі, а на выхадзе астанкі млынавых мэханізмаў. Каб прайсьці тут трэба добра вывернуцца. Ёсьць небясьпека наскочыць на астанкі паляў пад самай каменнай сьцяной. Адным словам ніхто не наважыўся туды сунуцца, акрамя мяне і VektoR-a.
За гэты дзень было пройдзена толькі 18 кілямэтраў.
Такім чынам водны сэзон 2006 года быў адчынены. Пры гэтым згубы склалі амаль самае цэннае: Кірылаў фоцік, Насьцін мабільнік, мае пальчаткі, Коля, Насьця, Андрэй, Зьміцер і Жэня з Кірылам перагортваліся амаль на роўным месцы, Жэнін мабільнік перастаў функцыяваць, як і VektoR-аў фоцік. |