Водны паход ПВД: р.Сэрвач - р.Вілія, м.Крывічы - м.Вілейка
Калі: 22 - 24 красавіка 2005 год
Удзельнікі:
Максім (Sayfair)
Таня
Кірыл (Kir2004)
Вольга (Belka)
Уладзімір
Сьвета (Пашунька)
Коля (Ozone)
Юрась Федзюковіч (DzedFyodar)
Зміцер
Маршрут: рэчка Сэрвач - Вілейскае вадасховішча - рэчка Вілія.
22.04.2005 – пятніца
Паход пачаўся ў цягніку электрычкі Менск-Маладэчна ўвечары так, каб перасесьці на дызэль, напрамкам Маладэчна–Круляўшчызна. Вагон электрацягніка быў перапоўнены турыстамі. Хто ехаў у водны паход (гэта мы), хто ехаў на турыстычны зьлёт, хтосьці на спаборніцтвы па турызму. Перапазовы людзей ад аднаго гурту ехаць з іншым гуртком плёну ня далі. Усе паехалі туды, куды плянавалі. Мо гэта й к лепшаму.
Весела і ня без прыгод даехалі да прыпынку Крывічы, што за Віліяй. Прыгодамі сталіся пераправа з электрацягніка на дызэль, што аднак было ня цяжкім для мяне, а народ ня ўцяміў, чаму дызель-цягнік з лякаматывам у галаве. Другой прыгодай сталіся пошукі Белкі. Добра, што сувязь сотавая працуе, знайшлі такі. А Белка, чымсьці вылучалася ад нас, ага, дымам кастру. Яна ўдзельнічала ў зьлётаўскіх спаборніцтвах пад Турэц-Баярамі. Потым былі правяральшчыкі квіткоў і дзівосныя позіркі пасажыраў, асабліва прыгожых дзяўчынак і п’яных хлапцоў. Да месца дабраліся каля 23 гадзін вечара. Пачалі ўстройвацца, ставіць лягер і распальваць вогнішча, а на ім гатаваць вячэру. І тут настаў другі дзень.
23.04.2005 – субота
Пакуль гатавалася ежа, нехта падаў кліч, а не сабраць чы нам байды. Дык канешне сабраць. І тут пачалося. Ліхтарыкі мільгацелі як шалёныя, а я і Белка гатавалі ежу. Справа ня хутка робіцца, таму першай зрабілася ежа. Яе і прыкончылі, зрабіўшы перапынак. А вось байды скончылі збіраць толькі каля 3 гадзін ночы.
А з ранку, у 6 гадзін, пад’ём. Хуценька склаліся й вышлі на ваду напачатку 11 гадзіны.
Ня гледзячы на тое, што тройка, байда, у якой плыў і я, была сабрана недакладна і была падобна на васьмёрку, мы плылі самымі апошнімі. Першы дзень быў вельмі цяжкім і доўгім. Амаль не спыняючыся, мы выплылі ў Вілейскае вадасховішча, а там перасекчы яго, спыніліся за мастом на ноч. Было на гадзіньніку каля 19 гадзін.
На абдуваемым усімі вятрамі паўвостраве, за узгорачкам, арганізавалі лягер. Адпачынак быў вельмі цудоўным і прыемным. Вячэра, размовы, гітара, усё спрыяла прыемнаму адпачынку. Аапошнія палеглі адпачываць толькі а другой гадзіне ночы. Гэта быў і я, чым быў вельмі задаволены!
24.04.2005 – нядзеля
Прачнуўшыся зноўку ў 6 гадзін, пачалі збірацца. Аднак выплысьці атрымалася, зноўку, каля 11 гадзін.
На гэты раз наша байдарка-тройка была першая. Пры гэтым быў вецер у твар і хвалі, пад якімі амаль хаваўся нос байды. Часам ішоў сьняжок. Такі, бы мухі лётаюць. Мы так і зразумелі, што лёгкіх шляхоў нам ня трэба. Вось давай цяжкасьці і мы будзем наперадзе.
Такім чынам мы абагналі усіх на паўгадзіны. Гэты час дазволіў нам пры пераносе плаціны, так сама зрабіць касьцёр і пачаць гатаваць абед. На абед была юшка з 4 плотак, што тым вечарам злавіў Зьміцер. А што, цудоўная юшка атрымалася, плоткі ўварыліся так, што засталіся толькі галовы, пару бульбінак і два пакета сьпецый – і гатова юшка. Некаторыя аблізвалі пальцы, а некаторыя пыхалі агнём, бы зьмей-гарыныч. Аднак было ўсё цудоўна.
Гэта дало некаторага часу на адпачынак і трэба ўжо выплываць на кропку зняцьця з маршрута, бо цягнік чакаць ня бузе. Гэта я вам (ім) сур’ёзна гавару. І тут, пры адчальваньні ад берагу, усім стала невыносна сьмешна. Гэта было 200 мэтраў водмелі, дзе вады менш за 20 сантымэтраў. Я не жадаў намакаць, я пайшоў па беразе, а астатнія вываліліся з байд, не знімаючы ботаў і пацягнулі іх да глыбокай вады. Сьмеху, ня вытрымаць. Знімаліся ў Вілейцы, а не на Красным Беражку, бо часу ўжо не было, на жаль. Аднак і гэтак паход атрымаўся цудоўным.
Я ў невыразным кайфе. |