Справаздача: "Тэст марафона Налібакі - водны марафон"
Калі: 24 красавіка 2010 года
Удзельнікі:
Федзюковіч Юрась (DzedFyodar)
Чарнецкая Марыя
Гэтым разам на марафон "Налібакі-2010" я выклікаўся быць галоўным па заліку "водны марафон". Каманда "ПромВадТур"-а назначыла мяне намесьнікам галоўнага судзьзі - судзьзя воднага марафона. Гэты год (2010-ы) вылучаецца тым, што марафон "Налібакі", як ідэя марафонаў, акрамя роварнай і бегавой дыстанцыі, разжылася і воднай дыстанцыяй. Такім чынам удзел у плянаваньні і працы над марафонам выпала і мне.
Першапачатковыя амбіцыйныя пляны, каб зрабіць 70-кілямэтровай дыстанцыю воднага марафона, мной былі адназначна адмецены й я настаяў на скарачэньні маршрута да 50 кілямэтраў. Вось іх і патрабавалася пратэставаць.
Сталася так, што заброска экіпажа з байдаркай амаль шта не была сарванай, але маё моцнае жаданьне гэта зрабіць менавіта зараз, вымусіла абставіны скласьціся ў патрэбны кірунак. Мы дабраліся да сяла Пясочнае, дзе заплянаваны старт воднага марафону, якраз да 12 гадзін. Гэты час, першапачаткова, быў плянаваным часам старту. Потым дырэктар гонкі вырашыў аднесці яго на 11 гадзін.
А мы, хуценька сабраўшы байдарку, у 12 гадзін стартанулі, пачаўшы тэставаньне выбранага маршрута. Маршрут праходзіць па рэчцы Нёман і павінен сканчацца праз 50 кілямэтраў ля тур-базы "Высокі Бераг".
Перад выхадам на ваду быў зроблены агляд мясцовасьці і выяўлены варыянт двайнога пралогу для массавага старта ўдзельнікаў воднага марафона. Сэнс пралогу ў тым, што агульна стартануць з вады я ня бачыў магчымасьці і таму будзе прапанавана ўдзельнікам, стаўшы фронтам на старце з байдаркамі, па камандзе "старт", дабегчы да рэчышча Нёмана и пачаць рух. Дыстанцыя пераносу байдарак складае каля 150 мэтраў, але ёсьць і другая частка пралогу. Само рэчышча Нёмана з боку сяла Пясочнае адгарожана старыцай, якую трэба пераплыць і зноўку пераадолець невялікую частку сушы.
Для мяне старыца пад мастом была неспадзяванкай. Я не адчуў прыкола, таму сьмела паплыў у кірунку плыні вады. А там тупік. Давялося вярнуцца да маста і пераносіць байдарку ўжо да самога Нёмана. Цяпер "поўны наперад"!
Аб такім тэставаньні, якое мы праходзілі, мне толькі і было, што марыць. Вецер у твар, хвалі на рацэ падымаюцца да 20 сантымэтраў. Цікава, канешне, але вельмі цяжка змагацца з гэтакай трасцай. Нябось марафонцам, нашым, вецер будзе ў сьпіну! Пераадольваньне стыхіі здавалася цяжкім яшчэ й таму, што Нёман у пачатку маршрута цячэ праз заліўныя лугі. А па берагам, растуць ня то кактусы, ня то ананасы, але мы ў жарт назвалі іх "бягучымі чартапалохамі". Потым здавалася, што яны кожнага разу нас даганяюць, становяцца ля берагу і сочаць, як мы плывем. Да першага лесу каля 8 кілямэтраў, але потым зноў лугі і толькі на 15 кілямэтры добры кавалак лесу з месцам адпачынку ў выглядзе стала і лаў.
Аднак яшчэ адным з запамінальных момантаў старту было вырываньне ў мяне з рук мапы парывам ветру, якую панесла немаведама куды. Далейшае тэставаньне праходзіла па памяці.
На першым добрым месцы, дзе падыходзіць лес да рэчкі, спыняцца ня сталі. Патрэбы не было, энэргіі хапае, а там ля кастру корпаюцца два хлапчукі. Ну і няхай. Недзе хутка будзе сяло Магільнае і мост. Але і тут спыняцца не схацелася. Няма тут цікавосткі.
Ад Магільнага праз 1,5 кілямэтры па правым беразе высокі пакручасты бераг, дзе будзе першы КП. Тут часцяком праводзяць зьлёты й іншыя мерапрыемствы турыстычныя групоўкі. Аднак мы зноўку не спыняліся, рушылі далей, бо вецер не даваў рады для адпачынку.
Праз 1,5 кілямэтры Нёман пачынае выкручвацца дзіўнымі кругамі і ўпіраецца левым берагам у лес. І амаль адразу адкрываецца добра абсталяваная стаянка з альтанкамі й турыстычнай лазенькай.
Далейшыя 4 кілямэтры Нёман цячэ праз лес. Здаецца доўга чакалі мы калі гэты лес пачнецца. Прыгожа, нарэшце. І цікава: тут мы сустрэлі хлопца з дзяўчынай, якія зацікавіліся нашым мерапрыемствам. Не выходзячы з байдаркі я агітаваў дзяўчыну на ўдзел у марафоне, на што яна пагадзілася з задавальненьнем.
Праплываючы вёскі Сьвярынава й Луніна можна назіраць толькі абрывісты бераг, які сьціскае рэчку. А вось далей, за Луніна, прыблізна 9 кілямэтраў Нёман цячэ ў пазабалочанай пойме. Па берагам дзікае кустоўе, выхадаў на бераг няма.
І вось прыгожым берагам з лесам па правым беразе з'яўляецца месца "Прыстанька". Тут плянуецца КП. На гэтым месцы стаіць камень і надпіс: "Тут у 1906 годзе адбыўся нефармальны сход настаўнікаў з удзелам Якуба Коласа". Месца абсталяванае, са сталом і кастравым, прыгожы лес.
Далейшы рух вакол Мікалаеўшчыны быў прысьвечаны толькі таму, каб скончыць маршрут. Рукі трымаюць вёслы з трудом, стома бярэ, вечарэе. Прамінулі мост у Мікалаеўшчыне і праз кілямэтар фініш. Турбазу бачна ўжо ад маста.
Як вынік: стартавалі ў 12 і скончылі маршрут а палове на дзявятую гадзіну. Праз паўгадзіны пасьля фінішу сцямнела. Грузіліся ў машыну сябра ўжо па цёмнаму. Адным словам 50 кілямэтраў за 8,5 гадзіны - лічу вельмі добрым вынікам, магчыма пераможцы марафону здолеюць пераадоліць маршрут хутчэй, паглядзім на марафоне. Час лідараў стаўлю 7 - 7,5 гадзінаў.
Водны год я адчыніў такім незвычайным чынам. ПаЭхалі! |