Справаздача палесскай воднай экспедыцыі
Калі: 22 - 29 сакавіка 2008 года
Удзельнікі:
Жураўлёў Васіль Васіліч - камандор
Багдановіч Наташка
Федзюковіч Юрась (DzedFyodar)
Халымон Зьміцер
Казліцын Аляксей
Харытановіч Мікалай
Курылёнак Леанід Афанас'евіч
Верашчагін Андрэй
Асноўная мэта: прайсці рэчку Льва, пачаўшы з ракі Гарынь, праз Лесавую рэчку ўвайсьці ў Льву з пошукам вытокаў рэчкі Моства да ракі Сьцьвіга і выйсьці ў раку Прыпяць.
Маршрут: м. Рэчыца, в. Вялікія Вікаравічы, воз. Віры, воз. Доўжак, в. Мочуль, в. Цярэблічы, в. Аздамічы, в. Кароцічы, в. Семурадцы, в. Азяраны, в. Пагост, мост праз Прыпяць. Столінскі раён Гомельской вобласьці.
22.03.2008 - субота
Выезд з Менску ажыцьцяўляўся цягніком Менск-Львіў з высадкай па станцыі "Гарынь" у мястэчку Рэчыца. Камандор дужа хваляваўся за памежную зону й таму даў камандзе вельмі сур'ёзныя інструкцыі, што рабіць пры мажлівых разборках з памежнікамі. Доўгія кансультацыі перад паходам, насамрэч, не далі пэўных тлумачэньняў наконт памежнай зоны, а на самой справе сталася, што як мы вышлі на станцыю, пэрон зачыніўся й пачаўся дагляд цягніку, то мы сталі нікому непатрэбы. На станцыі хлапцы пагадзіліся на двух бусах адвесьці нас ад гораду да нармальнага месца на рацэ Гарынь. Там і заначавалі.
23.03.2008 - нядзеля
Ранішнія зборы, байдаркі, сьняданак.
Гарынь тутака каля 20 - 25 мэтраў шырынёй, плынь ня хуткая. Мясцовыя кажуць, што Гарынь дужа зьмялела, але незразумела як. Вада можа падняцца на мэтар максымум, далей толькі разьліў. Мусіць маецца на ўвазе, што яна была глыбей - бо была судаходнай.
Сталі на ваду апалове на адзінаццатую. Цікавосткі хады па Гарыні ніякай няма. Але па плянах нам трэ было дайсьці да вёскі Вялікія Вікаравічы, дзе жаданна было прайсьці пратокамі ў звязку праток з азёрамі, адно з якіх мае назоў Віры, другое Доўжак. Але сталася такое, што калі будаваўся новы мост, тады пратокі пазасыпалі й засталіся толькі люстэркі стаячай вады. Прыйшлося спыніцца і рабіць рэкагнастыроўку на мясцовасьці. Васіліч і Афанас'евіч ламануліся пехатой вакол вёскі Вікаравічы, каб высьветліць як мы будзем рухацца далей, а я з Аляксеем ламанулі на байдзе па Гарыні, каб знайсьці хоць адну з пратокаў, што нанесены на мапе. На жаль ніводнай пратокі не было. Іх усіх пазасыпалі валамі, а пратокі засталіся як азёры.
Вярнуліся да байдарак нашыя дзьве развед-групы разам. Вырашана рабіць ля мосту "волак" да праток-азёраў каля 300 мэтраў. У першы дзень паходу - гэта зусім проста!! Да рэчы на гадзіньніку 13 гадзін і здавалася час абеду, але камандор такіх указаньняў не дае. А жаль, пакуль было цёпла й суха - можна было б.
Далей вакол вёскі, па нейкім брудным азёрам, якія перагароджаны насыпамі. Такіх аказалася тры, а потым пратокі нас вывелі да спалучэньня з возерам Віры, зарослым хмызьняком. Такіх сітуацый было каля трох. Прадзірацца праз хмызьнякі было цікава ў першы дзень, а ў астатнія яшчэ цікавей!! Абедалі апалове на чацьвёртую ля вытокі ў Лесавую рэчку на возеры Доўжак. Побач пратока на Льву - праз возера Лібень, але нам у іншы бок - у Лесавую рэчку.
|
Знайшлі яе не адразу. Лягічным працягам возера, як па мапе, была невялікая рачулка, амаль без цячэньня - ня тое. Так сказаў GPS. А іх было ажна тры. Мне прыйшлося скарыцца, а я так сьмела ламануўся наперад. Лесавая рэчка мае вытоку з возера крыху паўночней праз чаротавыя заросты. Як і абяцала мапа, танюткая сіненькая нітачка - першыя мэтры Лесавой рэчкі былі што ручаёк, ня шырэй байдаркі і пры гэтым процьма кустоўя. Праз іх прабіраліся досыць пасьпяхова. Да тых магчымасьцяў, пакуль вада не распласталася па траве і растварылася ў балоце. Аднак пешы брасок праз чарот вывеў нас на вельмі шырокую плынь. Тое было месца вызначанае на мапе кропкай узроўню вады 132,4 мэтры. І праз некалькі мэтраў у Лесавую рэчку ўпадала пратока, што калісьці па ёй мы з Фёдарам згубілі Льву. Вады стала шмат, з'явілася цячэньне. Але час вымушаў шукаць начоўку. Адразу тут сухі левы бераг і лясочак. Вырашана станавіцца. На гадзіньніку 19 гадзін.
Дзень вызначыўся 19,4 кілямэтраў хады за 4г.07хв.
24.03.2008 – панядзелак
Ноччу назіралі ўзыход поўнага месяца. Вельмі прыгожа. Ноч сьветлая, бачныя зоры. Мы чакалі сёньня добрага марозу й сонейка. Палова прыкмет была - першая палова. Сонейка не было наступных тры дні.
З 8 гадзін раніцы пачаўся сьнегапад. Да 10 гадзін ранку ён не супакойваўся, а нам патрэбна было збірацца. Вось так і мусім трымацца - турысты блін. Сьняданак і зборы мокрай адзёжы. Нармальна - усёй камандзе зачОт. А мне "мінус". Апрануўся зноў у мокрыя боты. Сталі на ваду недзе за 15 хвілін да адзінаццаці.
І тут пачалося! Сьнегапад не супыняецца. Прыгажосьць белага покрыва ў перамеж з вадой і дрэвамі, што тырчаць з вады. Зараз Лесавая рэчка змянілася прынцыпова. Берагі азначаюцца толькі радочкам травы, крыху бачныя з вады. Цячэньне стала хуткім, шмат паваротаў, а вакол толькі вада і дрэвы!
Так, загледзеўшыся, чутка не праскочылі месца павароту Лесавой рэчкі ў правы бок. Справа ў тым, што лягічным працягам з добрым цячэньнем становіцца рэчка Канава, толькі нам туды ня трэба. Так у першай Палескай экспэдыцыі мы й вываліліся ў Хатамель. Але GPS-ы настойліва, перабіваючы адзін аднаго, пачалі енчыць "Стаяць, правей, правей !! НА! ПРАВА!!". Павярнулі, давай шукаць пратоку ў, ізноў, Лесавую рэчку. Знайшлі яе досыць проста - па шчыльным кустоўі - нам туды, канешне, дзе кусты сьцяной!
А далей - цікавей не бывае. Балота разлілося, а рака стала … цячы нам насустрач! Васіліч цішком запытаў у мяне, ці не палохае мяне хада супраць цячэньня. Я, ня маючы ні GPS-а, ні паразуменья куды мы йдзем, выказаў поўную ўпэўненасьць у дакладнасьці нашага руху, чым супакоіў камандора. Праўда ён і яго матрос Наташка мелі па аднаму GPS-у, таму яны былі супакоены ня толькі мной.
Вецер у твар, халодненька, сьнег сыпле ў вочы, ізем супраць цячэньня. Недзе павінен быў сустрэцца масток вузкакалейкі, але я растлумачыў сябрам, што гэта ўсё разабралі адразу, як вывезьлі ўвесь патрэбны дубовы пілованы лес. Недаходзячы да пратокі Мататыша выйшлі ў азёры без цячэньня. Ад сьнега яны пакрыліся шапкамі падобнымі на тлушч у астываючым халадцы. І тут…
Па выхадзе з азёраў пачалося цячэньне ў патрэбны нам кірунак. Вось цябе прычуды. Лесавая рэчка зноў зьмяніла кірунак. Такія вось водападзелы ў Альманскіх балотах. Аднак прычуды ня скончыліся. Вясна, разьлівы, кустоўі, і пры кожным разе, калі здаецца далей прыдзецца прасоўвацца праз кустоўе пехатой - знаходзіцца абыход па залітым лугам (мо гэта наўпрост так балота выглядае). Другі мост вузкакалейкі мы заўважылі толькі па насыпы з правага берагу.
На начоўку спыніліся паміж "другім" і "трэцім" няйснуючымі мастамі вузкакалейкі, дзе на мапе адмечан узровень высаты 132 мэтры. На гадзіньніку 15 гадзін, але без абеду, мокрыя й абалдзеўшыя, мы далей ісьці не жадалі. На дзень хопіць. Вельмі шмат уражаньняў і геройстваў.
Прайшлі 13 кілямэтраў за 1г.58хв. Агульна 32,4 км за 6г.05 хв.
Асабістыя мае ўражаньні - мокрыя й халодныя ногі, якія падобны на калодкі, хадзіць па зямлі адмаўляліся. Мяне выратавала прабежка па сьнезе босым і добры касьцёр ля дубовага пню. Дзякуй за касьцёр Леаніду Афанас'евічу.
25.03.2008 - аўторак
Віншаваньняў ніхто не чакаў. Я так сама. А іх і не было. Сьнег, які на ноч супакоіўся, зранку распачаўся наноў.
Са сьвятам, паночкі турысты. З днём 90-годзьзя ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.
Але касьцёр, сьняданак і зборы пры поўнай экіпіроўцы зноў пад сьнегападам. Дзівосныя расповяды ля кастру дадалі энэргіі на дзень. Сёньня сталі на ваду каля 10 гадзін раніцы. Больш затрымлівацца не было ні жаданьня, ні патрэбы. Што нас чакае сёньня невядома ня толькі "апошнім" матросам, а і разважлівым капітанам, дый самому камандору. Наперад!
Лесавая рэчка далей прыгожа пятляе праз пазабалочанае рэдкалесьсе. Крышачку кустоўя і пара завальчыкаў патрэбны як мае быць. Рэчышча даволі шырокае і вады шмат. Аднак перад вытокай у Льву зноў жарт. Звужэньне да нельга, кустоўе і Льва. Бэмц і выскокваем у шырачэзную раку. Некаторыя пажартавалі - не Прыпяць ці тое часова!? Не, Льва.
У гэтым месцы Льва вельмі шырачэзная. Каля 50 мэтраў мо. І даволі прамыя кавалкі. Адразу сустрэлі добры бераг і альтанку на ім. І толькі потым заўважылі хацінку, што стаяла крыху паглыблёная ў лесе. Доўга спрачаліся што гэта, але па абедзе спрэчкі былі сьцішаны, калі мы наведалі адну з такіх хацін. Тое летнія паляўнічыя, ці ляснічыя начоўкі. Дзьверы адчынены - захадзі, жыві, грэйся. На жаль - вельмі брудна. Мы абедалі ў альтанцы №3 па ліку ад упадзеньня Лесавой у Льву. Па часе тое было каля 14 гадзін.
Крыху вярнуся назад і заўважу, што апошні мост вузкакалейкі, што вінен быў сустрэцца нам, зноў адсутнічаў, але праз Льву ў гэным мейсцы быў зроблены новы мост, каб пешшу дайсьці да адной з хацін.
Як да абеду, у часе абеду, так і пасьля надвор'е не супакойвалася. Вецер ірваў. Рваў усё: жылы, нэрвы, нас. А сьнег яму дапамагаў. Асаблівым вынаходніцтвам было іх спалучэньне - калі ўсё гэнае, і ў твар. Наце вам, наце!! Са сьвятам!! (У Менску толькі да гэтага - "у твар, у твар" - рыхтаваліся). Так незаўважна праскачылі вытоку Яцелі. Як мы з Дзімам не гукалі, "Яцель, Яцель" - не, не заўважылі. Зьміцер раз за разам успамінаў эпізод з фільму пра абарону мяжы ў першыя дні 2-й сусьветнай: "К орудію, к орудію, заряжай, заряжай, огонь, огонь!!". Тое мы плылі.
І што? Гэта толькі пачатак! Льва пачала дзяліцца на рукавы. Пры гэтым дзе яна гэта рабіла заўважна не было! Наўпрост вады станавілася менш, а берагі звужаліся да "нельга". Раз, два, тры… колькі тое будзе працягвацца? На перадзе толькі кустоўе… А на гадзіньніку апалове на 18 гадзіну. Сонейка схаваецца праз гадзіну максымум! Пачынаюцца размовы пра начоўку ў байдарках. Цікавая прапанова. У мяне такога аніразу не было.
|
І слава Богу не атрымалася. Недзе, што на мапе паказана як выхад Львы з лесу, перад упадзеньнем ў, зноў Яцель, тутака вада зьбіраецца ў рэчышча і плынь паскараецца. І раптам высклізнуў бераг. Стоп. Камандуе камандор - начоўка. І ўсё б добра, каб не адсутнасьць дроваў. Прабачце - жопа! Толькі мокрыя галіны дубоў нам на растопку. Пры дапамозе газавай гарэлкі (ня блытаць з вогненай вадой) я распальваў касьцёр амаль паўтары гадзіны. Народ зыходзіў ад холаду. Але ім было чым займацца - лягер, пераапрануцца ў сухое, а я… мокры, блін. Спасьліся, да рэчы - і вось тут тры мікроба з тае самай (гарэлка), якая не перашкаджае, толькі трэ быць апранутым у сухое, і вячэра амаль гатовая!
За дзень прайшлі 29,4 кілямэтры за 6г.19 хв. Агульны рэзультат 61,8 км. за 12г.24 хв.
26 сакавіка – серада
Марозны ранак. Мусіць каля 7-9 градусаў з мінусам. Але кітайскі градусьнік упарта паказваў каля нуля. Падла. Да рэчы, кожную ноч перад гэтым, былі замаразкі ад -2 да -6. Пачынаем падлічваць страты прошлых дзён. Я ўпарта маўчу пра свае ледзяныя ногі, а вось Афанас'евіч атрымаў галінкай па воку - пупыр вялікі, Наташанька спаліла сапог ад жарсьці пагрэцца (адрамантавалі медыцынскім плястырам), спаленыя дзьве пары шкарпэтак і мокрыя ўсе рэчы. Але з імі прасьцей. Сучасныя тэхналёгіі дазваляюць ім такімі быць. Апранаеш - і усё гэтае грэе і ў такіх спалучэньнях.
Але ж рушым. Ага, дзе тая прытока Яцель? Ніхто не заўважыў зноў, ладна. Гэта не цікава, бо Льва сама сказала нам гуд бай і ……. разпляскалася па лугах. Можна казаць, што гэта й было вытокай Львы. Адно суцэльнае балота. Ат не - наперадзе дамба. Тутачкі зрабілі прывязку да мясцовасьці. А дамба ўпэўнена перакідвала ваду з меліарацыйных палёў у балота амаль на 4 мэтры ўгору. Вось такая розьніца між Альманскімі балотамі й палямі сельскай гаспадаркі палесься.
Далей пошукі вытокі Моствы. Гы-гы, а тут куды ня руш - вакол вада. Дзе яна Моства. Шукаем па цячэньню. Во-во-воооо……. не, кусты. Во-во-вооо…. дамба. Ё-маё. А тамака з права што? Халера ведае, а давай туды - во-во-вооо Моства!! Нарэшце выявілася цячэньне й выкрэсьлілася рэчышча. Амаль адразу шырыня Моствы склала каля 7-10 мэтраў. Далей толькі болей. І пачаліся вёскі. На гадзіньніку 12 гадзін.
Моства цячэ праз палі, ці заліўныя лугі. Ні лясочку, ні схованкі. Аднак сустракаюцца вёсачкі. У Цярэблічах спыніліся й затаварыліся сьвежым хлебам і півам. Надыходзячая хваля нас непужала, але калі распачалася завіруха, мне было жаль за тых хто плыў, а мы былі ў краме ў той час. Але такія хвіліны самыя прыгожыя! Начоўку рабілі яшчэ на Мостве непадалёк ад Аздамічаў. Месц асабліва няма. Ні лесу, ні кустоўя. Нас выратавала агароджа загону ската. Касьцёр быў.
За дзень прайшлі 22,5 кілямэтры за 4г.29 хв. Агульны рэзультат 84,3 км. за 16г.54 хв.
27 сакавіка – чацьвер
Ранак пачаўся рана - у 6 гадзін. Зноў мной, кавай і бегам па сьнегу. Клас! Давялося скупнуцца ў Мостве. Цудоўна! Але ня толькі я прымаў водныя працэдуры. Васіліч і Наташанька мыліся, толькі цёплай вадой. Раніца была павольнаю і на ваду сталі толькі ў 11 гадзін.
Ужо праз паўгадзіны ўскочылі ў Сьцьвігу па-за Кароцічамі. З ліпеньськім узроўнем Сьцьвігу не пазнаць. І тое мусіць ня самае паказальнае.
Тут трэба ўспомніць расповяд пра першую экспэдыцыю. Пра Сьцьвігу беларускую. Тае яе прыгажосьць ў ліпені. Дык вось працяг таго расповяду. Далей вёскі КароцічыСьцьвіга мае абрывістыя берагі, падыходзячыя лясныя кавалкі па правым беразе і адназначна прыгожыя мясьціны. Толькі зараз гэтага не заўважна. Толькі адчуваецца іх сутнасьць. Аднак прыгожа, а рэчышча стала шырокім. Больш за 20-30 мэтраў. Цікава, якое яно ў межань. Пэўна ня дужа вузейшае, але берагі павінны прыгожа агаляцца.
Так дашлі да вёскі Рычаў, дзе, нарэшце чаканае чатыры дні, нам сустрэлася месца з высокім берагам, соснамі й бярозаімі. Стаянка шыкоўная, паветра напоўнена водарам вясны, сонейка пешчыць нашыя збітыя й мёрзлыя цялёсы.
За дзень прайшлі 25,5 кілямэтры за 3г.40 хв. Агульны рэзультат 109,8 км. за 20г.34 хв.
28 сакавіка – пятніца
Ну вось і апошні дзень паходу. Амаль што няма чаго дадаць. Зноў шмат вады, толькі тое не балота, а разліў Сьцьвігі, а потым і Прыпяці. Прыпяць увогуле не для байдарачных паходаў, тым больш калі йдзеш па ёй насупраць цячэньня й у часе разліву. Вада, вада.
Можна дадаць некалькі момантаў. У вёсцы Азяраны пад мостам спыняліся й вырашалі мо скончыць паход. Гэта тэхнічна мажліва. Тут ходзяць аўтобусы на Гомель і на Тураў. Аднак мы простых шляхоў не шукаем. Мы рушылі да мосту на Прыпяці. Побач зь ім заначавалі, а з раніцы нас забраў бусік, што завёз да дому.
За дзень прайшлі 25,2 кілямэтры за 4г.04 хв.
Агульны рэзультат 135 км. за 24г.38 хв.
p.s. Парада: непадрыхтаваным камандам у гэтыя балоты на байдарках ўвогуле не савацца, асабліва летам. Тут толькі ўвесну па вялікай вадзе, дый то з правадніком. Ня суйцеся, панове. Тамака столькі шмат крыжоў паабапал рэк. Каму й чаго - не вядома, не дай божа гэта будзе па Вам! Добрага вам адпачынку падалей ад балот палесься!!! |