Водны паход: рэчка Льва
Калі: 25 - 26 ліпеня 2006 года
Удзельнікі:
Сабадаш-Радзько Фёдар - арганізатар
Сярога
Міроненка Мікалай
Федзюковіч Юрась (DzedFyodar)
Валера
Маршрут: в. Альманская Кашара, Лесавая рэчка, р. Канава, в. Хатомель, м. Рубель; Столінскі раён Берасьцейскай вобласьці
25.07.2006 - аўторак
Пачыналася ўсё, як заўжды неверагодна цудоўна! Аўторак, хоць і працоўны дзень, але ж дазвол на адпачынак атрыманы! Рушым на поўдзень з Менску. Случ, Салігорск і Тураў. Пра Тураў я павінен быў распавесьці крыху, але мусіць ня ў гэты раз. Але ж цікавага тамака ёсьць што паглядзець!
Да рэчкі Льва мы дабраліся ў гэты дзень толькі каля 16 гадзін дня. Месцам старта быў мост ля вёскі Альманская Кашара. Гэта адзінае мейсца, дзе можна пад'ехаць да ракі. Далей толькі мяжа з Украінай. Былі ў нас размовы, пра пачатак паходу з тэрыторыі Ўкраіны, але яны сціхлі пасьля простых слоў, накшталт: "нашы пагранцы з іншымі ніколі не дагутарацца". А жаль. Згублены від турызму, бо рэчак, якія перасякаюць межы з іншымі краінамі шмат, а заканадаўства па сплаву па ім - няма! На ваду сталі каля 17 гадзін.
|
Рэчка Льва ўяўляла з сябе прыўкраснае відовішча. Амаль мара турыста-водніка. Мэтры 3-4, да 6 мэтраў ушыр, яна рушыла свае воды павольна, а берагі сухія бяз лесу і ў чароце. Праз кілямэтар нам сустрэліся рэшткі мосту, які абазначаны на старых мапах як дзейны, а цяпер амаль увесь згарэў. Далей цывілізацыя нам не сустракалася, дый не магла сустрэцца. Льва ператваралася то ў шырокае і прамое, як вадасховішча, рэчышчы, то звужалася і круцілася паміж чароту. Разы тры мы мінулі такі перапад і заўважылі, што цячэньне Львы зьнікла наогул. На гадзіньніку было каля 19 гадзін.
|
Адзін з такіх шырокіх "каналаў" ператварыўся тупіком з двума, амаль заўважанымі ручайкамі. Як кажуць - адзін у левы бок, другі ў правы. Амаль разам вырашылі, што рэчышча павінна быць на права. Праз гадзіну прасоўваньня праз чарот, галіны вярбы, алешніку і халера ведае чаго яшчэ, мы сталі колам. Адназначна рушым у дакладным кірунку, але Львы тутака няма!!. Нам перагароджвае хаду трава, ня ведамай нам пароды і чарот, праз які нічога ня бачна. На сьмех, глебы пад нагамі няма, бо вакол балота і стаць нагамі за борт байдаркі немажліва, бо адразу пачынаеш павольна апускацца ў дрыгву. Вырашана вяртацца. На гадзіньніку 20 гадзін. А ад старту толькі 12 кілямэтраў.
|
Яшчэ гадзіна несувымернай працы па прасоўваньню праз непраходны гушчар і мы там, дзе былі паўтары гадзіны таму. Што рабіць - ня ведам. Клянем на чым сьвет стаіць Колю, пра тое, што ён забыўся на мапы кілямэтровага маштабу. Паход ажыцьцяўляўся - так бы мовіць - чуцьцём. Вырашылі, што рэчышча мы недзе праскочылі і заначавалі на адзіным прыдатным месцы пад дубком.
26.07.2006 - серада
Амаль увесь ранак, як, да рэчы і мінулы вечар, клялі на чым сьвет стаіць Колю, што той забыўся на кілямэтровыя мапы, так што арыентавацца прыходзілася па мапе маштабам 7,5 км/см. Вельмі ня зручна скажу я вам.
Вырашылі вяртацца па рацэ, каб высьветліць, мо дзе праскочылі незаўважную пратоку, чы мо і рэчышча. І амаль за першай дугой ракі, у высокім чароце, знайшлося моцнае цячэньне, што мы і успрынялі, як рэчышча Львы. Ускочылі на "хвалю" і панесьліся ўніз па цячэньню. І гэта была наша памылка. Але мы аб гэтым даведаліся толькі пасьля абеду. А цяпер хада была лёгкай, і навакольле спрыяла насычэньню смачным палескім паветрам.
|
Першым падазроным момантам былі сухія берагі й пачыналіся сустракацца людзі, гартаючыя сена. А па памяці, на Льве няма і побач вёсак, каб людзі такімі групоўкамі маглі нам трапляцца ля ракі. Але пакуль і на гэта мы не зьвярталі ўвагі. Хутка напаткалі кароў на выпасе. А праз пару хвілінаў - вёска. Гэта нас не насьцеражыла і зараз. Покуль мы хадзілі ў мясцовую краму, хлопцы пасябравалі з мясцовай дзяўчынай, завабіўшы яе "снікерсам", а яна за гэта прынесла 5 кілё агуркоў і распавяла, што гэта зусім ня Льва і ня рэчка зусім, а так, проста Канава. Вось тут мы і абалдзелі. Вёска гэтая ёсьць Хатомель, праз 4,5 кілямэтры мястэчка Рубель, а далей толькі ў Гарынь ісьці. У нашы пляны гэта не ўпісвалася. Аднак вырашылі дайсьці да мястэчка Рубель. Там, пры дапамозе мабілак, дагутарыліся на закід бусам на рэчку Сьцьвігу, бо Львы нам болей не жадалася, чамусь.
|
Льва нам так і не скарылася. Як і мы ёй. Цягнула, цягнула нас у багну, але мы вырваліся і, пры гэтым, заблукалі. Ну што ж, мо калі яшчэ раз зробім спробу, але абавязкова возьмем мапы, GPS-ы з трэкамі маршруту. А пакуль - пакуль Льва!
У сумарным падліку хады па ўсім гэтым рэчкам і пратокам склалася 22 кілямэтры, што на наш сорам вельмі мала. Але й часу на гэта ня вельмі й то было страчана. Вечар аўторка й палова дня серады - нармальна.
Гэты паход на гэтым не скончыўся, а працягнуўся паходам па рацэ Сьцьвіга, але гэта іншая гісторыя. |