Водны паход: рэчка Маўчадка (Моўчадзь) – р.Неман
Калі: 02 – 06 жніўня 2005 года
Узельнікі: Федзюковіч Юрась (DzedFyodar) Федзюковіч Анжэліка Оля Міроненка Мікола Зьміцер Валодзя
Маршрут: в. Моўчадзь, в. Агароднікі, с. Дварэц, м. Новаельня, м. Гезгалы, ст. Нёман. Дзятлаўскі раён Гарадзенскай вобласьці.
02.08.2005 – аўторак З Менску выяжджалі з асобнымі недарэчнасьцямі, аб якіх трэба рабіць асобны расповед, а я толькі пералічу іх. Коля набыў "шкуру” байдаркі толькі за гадзіну да цягніка. Зьміцер і Вова ўскочылі ў цягнік за 2 хвіліны да адпраўленьня з выдзеленай ім байдаркай. Я з дачкой закідваліся ў электрычку ад сярэдзіны вагона, бегаючы да дзвярэй і такім чынам амаль што не забылі невялічкі пакет, дзе была ўся вадкасьць: сокі, мінэралка і піва. Дзякуй машыністу, які трымаў цягнік, пакуль я, схапіўшыся аб забытым, бег па пэрону за пакетам.
Так мы выправіліся ў паход. Электрычкай даехалі да Баранавічаў, а потым дызель-цягніком на Ліду да станцыі Моўчадзь. Набліжаўся вечар. Было каля 18 гадзін калі мы збіралі байдаркі на беражку Маўчадкі. Ад станцыі гэта амаль побач, сотні дзве мэтраў. Тут лесу няма і таму мы накіраваліся па правым прытоку Маўчадкі – рэчцы Своратва, супраць цячэньня, да бліжняга лесу. Трэба адзначыць, што і Маўчадка і Своратва ў гэтым месцы ня больш 2 – 3 мэтраў шырынёй. Той кілямэтар, што да лесу, па рацэ мы праходзілі з паўгадзіны. Першыя выпрабаваньні паходу: мель, рэчышча зарослае травой, завалы. Сёньня завалы разрубаліся і распілоўваліся без турбот. Адчувалася, што паход пачаўся, хоць мы плянавалі сёньня толькі пераначаваць.
03.08.2005 – серада Зьбіраліся не сьпяшаючыся. Першы кілямэтар чысты і вядомы. Своратва хутка вынесла нас у Маўчадку і мы радасна, пад сонечнымі промнямі, выправіліся наперад. Першай радасьцю стаўся чыгуначны мост. Не таму, што ён мост, а таму што пад ім сапраўдны парожак. Недзе з гадзіну мы кайфавалі ад гэтага, аглядаючы яго і потым праходзячы. Ня верылася, што паход можа так прыемна пачынацца. А вось склалася, што гэта было і апошняй нашай радасьцю. Гэты дзень быў сонечным і прыўкрасным. У наступную гадзіну нам спадкаліся яшчэ тры каменныя перакаты. Штучнасьць перакатаў была відавочнай. Іх мусіць выкарыстоўваюць як пераходы ў брод.
Недзе праз 11 км ад пачатку быў зроблены прыпынак на невялічкі перапынак з асушваньнем бутэлек з півам. Абед было вырашана зрабіць праз гадзіну-дзве (на гадзіньніку 12-30). Рашэньне ёсьць – паплылі.
Пакуль мы ўсаджваліся Вова і Діма ўжо ўпёрліся ў завал. Праз 5 мэтраў другі. Яшчэ, яшчэ. Паўторы праз 5 – 10 мэтраў. І калі праціснуўшыся праз гальлё хмызьняку я зразумеў, што далей тупік, то ўсур’ёз прапанаваў абносіць гэту трасцу. Давай вылазіць. Бераг высокі, ускарабкацца ня проста, а там ён зарослы травой і крапівай па шыю. Пошук чыстай ракі плёну ня даў, за тое быў знойдзены канал, які ідзе паралельна рэчцы. Пачалі пераносіць байдаркі і рэчы ў канал. А крапіўка рабіла сваю справу...у...у. Я пачаў прасоўваць байду па канале ў якім вады крыху вышэй пяткі і ў 40 см шырынёй.
Так мінула гадзіна. Я збіў ногі, рукі, 30 разоў паздароўкаўся з каровамі, што перашкаджалі майму шляху, але йшоў. А дзяўчынкі, Вольга і Анжэліка, ішлі па беразе, азіраючы навакольле. Пры гэтым неяк незаўважна згубіліся хлопцы. У рэшце-рэшт мне перашкодай стаў масток, які трэба было абносіць. Вылажу на бугор, і ... У трох мэтрах ад мяне хоп, хоп, два вясла ў замаху – фух, фух.
- Стаяць, куды! – крычу. То нашы хлопцы ўжо гадзіну як па Маўчадке плывуць і вось сустрэліся. А на гадзіньніку каля 16 гадзін. Вова з Дімам ужо ля моста, што ля станцыі Харошкі, чакаюць. Дужа хочацца піць, есьці, адпачыць, але такі далёкі яшчэ наш сёньняшні шлях.
На "абед” спыніліся пасьля 4 км за мостам, недзе побач з адмецінай на мапе 163,0 м. На гадзіньніку 18 гадзін. На жаль гэтае месца зарослае травой і як месца для адпачынку зусім дрэннае. Мажліва па вясьне і пачатку лета тут трава ня так буяе і лясок, што падыходзіць да вады больш прывабны для адпачынку. Далей плысьці стала лягчэй, затое пачалі трапляцца масткі над вадой, чы проста бярвеньні. Пераадольваць іх цяжкасьці не ўяўлялася і таму хутка дабраліся да вёскі Агароднікі. Гадзіньнік адлічыў палову на дзевятую гадзіну. У Агародніках захавалася плаціна і рэшткі вялікага вадзянога млына, які высіцца чатырма паверхамі над навакольлем. Да плаціны трэба падыходзіць правым каналам. Перанос плаціны трэ рабіць з левага боку.
Пакуль пераносілі байды, дзядзька гнаў кароў да хаты, то мы іх перапужалі і яны разбегліся па кустоўі, а дзед дужа доўга сварыўся на нас. Во справы, каровы ніколі ня бачылі байдарак, за тое і дзяўчаты нашы, здаецца, ніколі ня бачылі кароў.
Ад плаціны ў 2 км пачынаецца прыўкрасныя мясьціны для начоўкі. На адной з такіх і спыніліся. На гадзіньніку 21:30. Змыўшы стому ў рацэ, павячэралі і паваліліся ля кастру сьпяваць песьні, каб потым соладка паснуць.
04.08.2005 – чацьвер Раніцой лашчылася сонейка да нашых палатак. Паша вырашыў ажыцьцявіць ранішнюю рыбалку. Да рэчы, снасьці ўзялі ўсе хто мог. Аднак Пашка марна страціў час, а забягаючы наперад, шанцу хаця б дастаць вуды не было ні ў каго наогул.
Ад Агароднікаў да сяла Дварэц рака дужа пятляе і пэўна прыгожая, бо абапал стаіць лес. Рачулка то набліжаецца, то ўходзіць ад аўтадарогі. Толькі сумна, што праз гадзіну як мы зняліся з лягеру пачаўся марудны дождж, які замінаў назіраць прыгажосьць навакольля.
У Дварэц дабраліся ў 13 гадзін. Першае пытаньне ў кожнага былі рознымі: калі скончыцца дождж, дзе адзел сувязі, дзе крама з гарэлкай, на халеру нам гэта трэба...
У сяле Дварэц давялося пабачыць царкву Покрыва Прысьвятой Багародзіцы, касьцёл Сьвятога Антонія Падуанскага, упрыгожаную кветкамі хату і вадзяны млын, ад якога засталося толькі тры з паловай сьцяны й насып. Затаварыўшыся з крамы, адшукаўшы адзел сувязі, які канешне не працаваў, выправіліся пад сумным дожджыкам далей.
Недзе праз 2 км, на левым беразе, раптоўна, заўважылі скірды. Аказалася гэта льнозавод робіць запасы лёну і складае ў 20 мэтровыя скірды. Потым прайшлі міма вёскі Коцькі і пачалі меркаваць пра абед. Месцаў годных хапала, але пад дажджом ня дужа разбярэш. І як толькі дожджык супакоіўся высадзіліся на чыстым беражку за 1,5 км да вадасховішча ў Наваельне.
Часу бракавала і на гадзіньніку ўжо каля 16:30. Насыціўшыся, пагрэблі далей. Трэ было сёньня прайсьці вадасховішча і далей. А так карцела спыніцца на вадасховішчы ў Наваельні, парыбачыць, але не. Падышлі да ГЭС, якую адрамантавалі і цяпер яна дае электрычнасьць. Толькі ў часе нашае яе наведваньня яна аказалася заблякаванай. Ішоў набор вады ў вадасховішча.
Перанос дамбы па леваму боку мэтраў з 30. Глядзім на рэчышча – а вады НЯМА!! Далейшы рух быў падобны на пешы паход. Байдаркі цяпер ехалі на нас, а мы йшлі пехатой па дну. Вады ў самых глыбокіх месцах было па калена.
Праз 3 км глыбіня пабольшала, але пачалі збірацца хмаркі і зноўку пайшоў марудны дождж. Калі ж пачало цямнець вырашылі спыняцца, хоць дзённы маршрут пройдзены ня быў. Паміж вёскай Селівонкі і мостам Дзятлава–Ахонава месцаў для начоўкі хапае.
05.08.2005 – пятніца Ранак пачаўся з дзікіх гартанных рыкаў. Бач, а вада ў Маўчадке на мэтар ніжэй! Пэўна адчынілі дамбу ў Гэзгалах. На гадзіньніку 6:30. Далейшы рух паўтараў учорашні, толькі для весялосьці пачаліся завалы цераз 10 мэтраў кожны. Дый такія, што пілаваць, што абносіць – задалбаеся. Вось з такім кайфам дашлі да вёскі Серафіны, адкуль рэчышча стала чыстым, бо лес адышоў ад берагоў і адчуваўся падпор вадасховішча. Недзе, па хуткаму паабедаўшы, зноў жа пад сумным млявым дожджыкам, дабраліся такі да Гэзгалаўскай дамбы. На гадзіньніку 19 гадзін. Абнос дамбы з правага боку мэтраў з 100. А што далей!! Дамбу та зачынілі, вады ў рацэ НЯМА!! Толькі зараз замест мяккага пясочку колатыя камяні. Збітыя ногі, драныя байдаркі – вось што мы атрымалі, калі спыніліся на начоўку перад вёскай Насілавічы праз 1,5 км ходу.
Месца вельмі добрае. Пэўна тут праходзяць злёты, бо арганізаваны стацыянарныя кастравыя, сядзеньні ля іх, пляцоўкі і іншае. А ў рацэ на гэтым месцы перакаты, перакаты, валуны і камяні. Прыгажосьць, каб не пачынаючыйся, які раз, дождж. На гадзіньніку 21:30.
06.08.2005 – субота Колькі б мы не сядзелі ноччу з келіхамі, а каб у часе быць на станцыі, вырашылі прачынацца ў 5 гадзін, каб у 7 гадзін выправіцца на шлях апошняга дню паходу. І што? Ціўкае будзільнік. Ідзе праліўны дождж. Двя насавыя гукі: "- Э-э-э?” і "- А-а-ай!” вырашылі пытаньне прабуджэньня. Сьпім далей.
Каля сямі гадзін раніцы, пасьля кароткіх тэлефонных размоў, было вырашана рабіць днёўку, чы проста падоўжыць паход і на нядзелю. А Вольгу, вырашылі, забярэ хто небудзь з сяброў з Ліды і яна патрапіць у свой Менск сёньня да патрэбнага часу. Паваліліся зноў па палатках адпачываць. Дождж ідзе.
Дождж прыціх каля 8:30 і лягер пачаў ажываць. Трэба і пасьнедаць. Анжэліка, па дзяцячы, бегае па паляне, шмыганула да ракі. - Тата! Тата! Фокус! Хадзі, пакажу! - Якія там могуць быць фокусы ў такі час? – пытаюся.Выявілася што: 1 – учора згубленая пальчатка вісіць на абломку бэтоннай пліты; 2 – Ё! Вада ў рацэ! Вада! Наш маленькі калектыўчык абалдзенна глядзіць на бурна падымаючыйся ўзровень у рацэ. На гадзіньніку 9:15. Палаткі й заплечнікі сабраліся за 15 хвілінаў і праз паўгадзіны мы пачалі веславаць па бурнай, у адрозьненьні ад учарашняй, Маўчадке. Тыя 3 км, што заставаліся да Нёману, праскочылі так хутка, што й не зразумелі. Здарова бацька Нёман! Пажартаваўшы, што мо ў Масты, у ніз па цячэньні рванём, павеславалі ў іншы бок, супраць цячэньня да вёскі Сялец (станцыя Нёман).Праз 20 хвілін зноў распачаўся лівень. Ушчэнт мокрыя, мы тупа веславалі па Неману каля 12 км без перапынку. Мост амаль быў недаступным і калі ён у рэшце-рэшт з’явіўся на даляглядзе крыкі – "Ура!!”, запоўнілі навакольле. Да цягніка 50 хвілін. І ў 15:04 мы ўскокваем у дызель-цягнік на Баранавічы. Мокрыя, халодныя, стомленыя, але шчасьлівыя да нельга.
Па сьціплым падлікам агульны кілямэтраж склаў 105 км. |