Справаздача воднога пахода па рацэ Іслач.
Калі: 08 – 09 траўня 2010 года
Удзельнкі:
Федзюковіч Юрась (DzedFyodar)
Федзюковіч Анжэліка
Качан Косьця
Качан Насьця
Качан Клава
Багамолаў Саша
Багамолава Іра
Багамолаў Кірыл
Глявіцкі Геннадзь
Маршут: г.Ракаў, в.Кіявец, в. Падневічы, в.Баравікоўшчына, Івянецкі р-н, Менскай вобл.
Прыслоўе.
Паход павінен быў быць "дзіцячым”. У сэнсе лёгкім і насычаным цікавосткамі, прыгажосьцю, сяброўскім гумарам і вясельлем. Тым больш, што два гады я не вадзіў гэтых сяброў у паходы. І галоўнае – добрая нагода: дзень народзінаў. Любы скажа – канешне паход! І чым не паход па рэчцы Іслачы з такой кампаніяй. Мне здавалася – самы падыходзячы маршрут. Памятаючы, што раней за два дні дайшлі да вёскі Рум, вырашыў пачаць маршрут ад м. Ракаў і прайсьці рэчку за 3 дні.
Але ж вось неспадзяванка: каманда выявілася зусім непадрыхтаванай. Хто забыў на правілы, хто й ня ведаў. Я жадаў ісьці хутка, каманда жадала адпачынку. Карацей – нешта не склалася. І вынік: два парэза (50 см і 10 см) і два авэркіля (пераварота). А таксама мокрыя шмоткі, дождж і экстранная эвакуацыя на другі дзень вечарам.
А далей падрабязней.
08.05.2010 – субота
Цудоўны дзень для пачатку пахода, для адпачынку. Ранішняя заброска мікрааўтобусам. Можна было заехаць і ў Ракаў, але дурацкія законы пра забарону выхаду на ваду маламерных суднаў да 1 чэрвеня вымусілі мяне шукаць падход да вады ніжэй Ракава. Але жаданьне ёсьць пачаць сплаў як мага вышэй – ад вытокаў Іслачы. Гэта ў планах.
Месца для старту знайшлі, збочыўшы са старой шашы ад Ракава, перад развязкай і мастом над рэчкай Яршэўкай. Пакуль сабралі байдаркі, пакуль перакусілі, пакуль байдаркі на ваду – стартавалі ў 12 гадзін. Адразу і кожны крок, пачалі сустракацца завальчыкі, завалы і затыкі. Некаторыя праходзяцца проста, некаторыя пры дапамозе вопыту й навыкаў, а праз некаторыя завалы байдаркі трэба прасоўваць. Толькі вось у маёй каманды гэта вельмі дрэнны атрымлівалася. Таму тэмп сплава быў вельмі павольны, прама кажучы медленны.
Недзе праз кілямэтар сустрэўся першы пешаходны масток. Гэтым разам праціснуліся пад нім. І праз пару мэтраў вусьце рэчкі Ярчэўкі. Вось першы паказальнік ціхаходнасьці нашай каманды: чутка болей аднаго кілямэтра за 35 звілін. Аднак далей цікавей. За наступныя 15 хвілін пераадолелі пяць завалаў. Няпростая тут Іслач. А завалы праз кожны мэтар-два. Не скажу, што цяжкія, але час губляецца добра. Забягаючы наперад скажу, што пасьля вёскі Кіявец такіх турбот увогуле няма. Непадрыхтаваным групам раней Кіяўца пачынаць ня раю.
А ў нас праз гадзіну і 15 хвілін паходу намаляваўся першы авэркіль. І было б з чаго – прыціснула павольна ідучую байдарку да дрэва тырчашчае з вады. Зазяваліся – і бац, пад вадой. Жарты на вадзе, ўсё ж дрэнныя памочнікі. Праўда тут Іслач мелкая, байдарку і шмоткі выцягнулі на бераг, перапрануліся і далей. Але амаль гадзіну весялілісь з гэтай нагоды. Давялось прытрымацца турыстычнай традыцыі і выпіць па келіху за першы авэркіль.
Можна сказаць, што надвор’е нам спрыяла. Сонейка, вясна, пахі. Высокія берагі мяняюцца між сабой, стараючысь прыўнесьці нашаму позірку найцікавейшыя й найпрыгажэйшыя малюнкі. Вясна! Але каманда не давала расслабону, хоць і вельмі гэтага жадала. На трэцьцяй гадзіне паходу – другі авэркіль. Ну што ты будзеш рабіць. Косьцю з Клавай падціснула пад пешаходны масток-кладачку. І гэта ўсяго недзе на пятым кіляметры маршрута. Такога насычанага пахода ў мяне шчэ не было – думаў я пра сябе, яшчэ ня ведаючы што будзе далей.
А далей медленна і павольна мы прасоўвалісь да нашага месца, дзе часта смажым шашлыкі. Гэта ля вёскі Междурэчча. Тут брод і месца даволі папулярнае. Дабралісь да яго толькі праз чатыры гадзіны ад старта. І толькі зашлі за паварот – банц, чы лепей сказаць "хршч”. Косьця наскоквае на корч і рве байдарку. Паўмэтровы парэз і байдарка тоне. Баста, зьбіраем каманду: абед, вячэра і начоўка, бо трэба сушыць, шыць і клеіць байдарку.
Вынік першага дня: 6 кілямэтраў за 4 гадзіны.
09.05.2010 – нядзеля
Чы тоe стрэс ад учорашняга дня, бо рэчы ў перакуліўшыхся аказаліся ўшчэнт мокрыя. Чы тоe добрыя пасядзелкі ля кастру добрай кампаніяй і віншаваньне з нагоды нараджэньня нашага сябра, ня далі сабрацца хутка. Дый яшчэ надвор’е нешта падводзіць. Неба зацягнула хмаркамі. Будзе дождж, ня будзе – не зразумееш.
Сёньня стартавалі зноўку ў 12 гадзін дня. Завалаў амаль не назіраецца, але яны ёсьць, толькі прасьцей праходзяцца.
На 44-й хвіліне, недзе праз 3 км мы натрапілі на шлюз, дзе па левым беразе, за плотам з калючым дротам нешта хаваецца, а вада ня маючы выйсьця, прарываецца па правым беразе вялікім прамывам. Гэты прамыў вельмі старанна пытаюцца заваліць, засыпаць, затыкаць то ЖБ-плітамі, то каменьнямі, то мяшкамі з пяском. Безвынікова – вада дзірачку знойдзе. Тут абнос па правым беразе ў рукаў пратокі і безперашкодна можна ісьці далей.
Так добра ідзем сёньня – здавалася мне. Думаў я што сёньня нам нічога не пагражае. Аж як я памыляўся.
На трэцяй гадзіне сёняшняй хады, недзе за вёскай Кіявец, цяпер ужо Саша напарваецца на корч і рве байдарку. Ня сільна – каля 10 сантыметраў. Ну добра, якраз час абеду, адразу й рамонту.
Пасьля абеду пайшло весялей. Хуткасьць павысілася, але надвор’е не паляпшалася. Недзе за 20 хвілін да маста ў вёсцы Падневічы (каля 8 км ад старту другога дня) сустракаецца штучны перакацік. Перад ім ляжыць вялікае бервяно. Гэтым разам я пад ім праціснуўся, а ў прошлы раз – не. Бервяно можна абысьці левай пратокай і адразу штучны перакад з камянёў.
Далей мост у вёсцы Падневічы на 10-м кілямэтры гэтага дня (усяго 16 км). Пад мастом вырашаем як быць далей і што рабіць з паходам. Дзяўчаты сумна канстатуюць, што пры даждлівым надвор’і, пры мокрых спальніках і адзёжах яны з дзецьмі начаваць ня здужаюць, замёрзнуць. А гэта ня трэба нікому. Таму, калі надвор’е не палепшае, будзем здымацца пад наступным мостам у вёсцы Баравікоўшчына. Вырашылі.
Вось і нагаварылі. Кавалак ракі паміж Падневічамі і Баравікоўшчынай плылі пад пастаянным дажджом. Вымаклі ўшчэнт (акрамя некаторых, такіх бы я). Нічога не запомнілася, акрамя сумленнага веславаньня, каб хутчэй дабрацца да Баравікоўшыны. Пад мастом апынуліся праз 2 гадзіны 40 хвілін (каля 9 км ад Падневічаў, каля 26 км агульна).
Праўда ёсьць цікавае месца. На 7 кілямэтры ад Падневічаў Іслач зрабіла прамыў левага берага і зрэзала 400-мэтровы паварот. Тут добры высокі бераг на левым беразе пасьля пратокі, а крыху далей, турыстычная банька. Патрабуецца толькі тэнт нацянуць. Пры плянаваньні маршрута я жадаў тутака рабіць первую начоўку. Ня спраўдзілася.
Збор байдарак у вёсцы Баравікоўшчына на левым беразе пад мастом (гэта для тых, хто можа ад Баравікоўшчыны будзе пачынаць маршрут). А мы фінішавалі тут у 21 гадзіну, куды за намі прыехалі нашы "эвакуатары”.
Вынік: нявопытныя группы на Іслач павінны ісьці летам і пачынаць ад Падневічаў. Сярэдне-падрыхтаваныя – ад в.Кіявец летам і вясной у палаводзьзе, ну а старыя "лосі” могуць і раней.
Нашы тэх-дадзеныя:
08.05.2010
9-00 – сустрэча ў Менску
10-15 – прыезд на месца старта
12-10 – 0 км – старт. Месца ля развязкі старой шашы з Ракава, перад мостам над Яршэўкай.
1 км ад старта – масток
12-48 – 1,2 км – вусьце Ярчэўкі
13-02 – прашлі 5 завалаў
13-15 – авэркіль №1, згубілі ня менш гадзіны
5 - 7 мэтраў шырыня ракі, вады дастаткова, завалаў вельмі шмат.
15-06 – авэркіль №2, згубілі ня менш за 45 хвілін.
15-49 – 5,8 км – перад бродам ля в.Междурэчча
16-10 – 6,2 км – парэз №1, стаянка на левым беразе.
09.05.2010
12-00 – старт
12-44 – 9 км – шлюз, прамыў справа, абнос.
14-38 – парэз №2, абед, недзе за Кіяўцом.
17-57 – 14,2 км – завал і штучны перакат, пратока злева.
18-18 – 16 км – вёска Падневічы
21-00 – 26 км – вёска Баравікоўшчына, мост. |