Водны паход ПВД: рэчка Іслач.
Калі: 6 – 8 кастрычніка 2006 года
Удзельнікі:
Федзюковіч Юрась (DzedFyodar)
Простаў Паша
Міроненка Коля
Ларыса
Сярога
Сяргей
+ Кірыл aka Kir2003
Маршрут: в. Кіявец, в. Падневічы, в. Баравікоўшчына, паляўнічы маёнтак гр.Тышкевічаў, хутары-вёскі Яцкавы, в. Белакарэц, в. Рум; Валожынскі раён Менскай вобласьці.
06.10.2006 - пятніца
Вечар. Заброска. Гэтым разам я вырашыў паспрабаваць зрабіць заброску ў паход даўно знаёмым, але няспраўджаным мэтадам. Сэнс яго ў тым, што заброску можна рабіць на ўласным транспарце. Якраз колькасьць удзельнікаў паходу невялікая. Сабраліся двума самаходамі-унівэрсаламі і паехалі. Схема наступная: адзін самаход пакідаецца на месцы фінішу ў вёсцы, другі ў вёсцы месца старта. Мы так і зрабілі.
07.10.2006 - субота
Месцам старта абралі высокі бераг Іслачы з 180 градуснымі разваротамі рэчышча, адразу за вёскай Кіявец. Але, як паказала далейшая хада па рацэ - берагі Іслачы проста суцэльныя месцы для стаянак.
Ранішні пад'ём у 6:30 і збор байдарак. Пасьпяхова.
Яшчэ раз паўтаруся, што берагі Іслачы складаюць суцэльны каньён ад 2 да 10 мэтраў. Вады ў гэты час было ня так і мала, але тое, як тут вада ірвецца ўвесну, можна меркаваць па вымоінах берагавога абрысу. Так і карцела спыніцца і паглядзець, што там на высокім беразе.
Праз 5 кілямэтраў ад старта патрапіўся нам штучны перакат, чы "парог". На жаль у самай яго цікавай часцы, упоперак рэчышча, ляжыць бервяно мэтраў тры ў дыямэтры. З левага боку рэчышча робіць круг вакол завала. Надвор'е нам спрыяла. Цёпленька і прыгожа. Адно толькі, восень яшчэ ня выліла на прыроду свае фарбы. Той рознаколернасьці, якую мы чакалі, яшчэ не было. Самая прыгожая частка восені толькі пачыналася. На высокіх і прыгожых берагах шмат месцаў, каб спыніцца на начоўку, чы абед, дый проста каб прайсьціся і з асалодай увабраць поўныя грудзі водар лесу, ракі - прыроды!
|
Дзённы пераход склаў 27 кілямэтраў. За гэты час мы сустрэлі цудоўнае месца з усталяваным каркасам лазьні і паляўнічы маёнтак графоў Тышкевічаў. Месца з лазьняй прайшлі недзе на 6 км. ад пачатку маршрута і па гэтаму не спыняліся, а спыніліся на начоўку якраз ля другой лазьні, якая патрапілася адразу (3 км.) за маёнткам графоў Тышкевічаў. Гэты гістарычны помнік знаходзіцца у стане разбурэньня, але утрымлівае ў сябе той пах гістарычных часоў, калі тут жыцьцё бурліла.
Знайсьці паляўнічы маёнтак графоў Тышкевічаў ня цяжка. З ракі падыход ад адзінага, на гэтым кавалку маршрута, падвеснога маста.
А далей нас чакала цудоўнае месца на высокім беразе і сабраная лазьня, якую толькі й трэ было пратапіць. Чым мы і скарысталіся, і атрымалі незмываемыя плямы ў памяці ад гэтага. Аб гэтым мабыць здагадваўся Кірыл і таму ён прыехаў да нас на сваім ровары на месца начоўкі, маючы быць праездам з Маладэчна на Стоўбцы. Ноччу прымалі ў турысты-воднікі новых чальцоў. У гэты раз іх было двое.
08.10.2006 - нядзеля
А на раніцу пайшоў дождж. Давялося ў рэшце рэшт распакаваць новы тэнт і паглядзець як ім карыстацца. Выявілася, што карыстацца вельмі проста, але дождж мабыць спужаўся і сьціх. Няма праблем - па байдарках.
Частка ракі, да вёсак пад адным назовам то Яцкава-Карчэмнае, то Яцкава-Млынова і так далей, бяжыць яшчэ ў высокіх берагах, а потым уваходзіць у частку забалочанай роўні. Тут пачынаюць сустракацца заводы. Але ня тыя заводы й фабрыкі, што павышаюць ВВП, а тыя, што даюць гемарой уладзе - самагонныя.
Перад вёскай Рум рэчышча ўведзена ў 5-цікілямэтровы канал і асабліва не цікавае, а далей мы не пайшлі, хоць пад мостам вада пачынала бурна праносіцца і далей зноў Іслач уваходзіць у свае берагі.
Гэтым днём прайшлі 30 кілямэтраў, што агулам склала 57 кілямэтраў цудоўнага настрою! |