"...а на забытой тобою фотке минус сто сорок и вечное лето." Рамазанава З.
...Здавалася, што ўжо вясна і з'явілася сонца. І яно будзе. Жмурачыся і стараючыся не рабіць лішніх рухаў, я сядзела ў лодцы і аўтаматычна веславала. Сонца. Цёпла і ласкава. А потым наляцеў вецер. І сьнег. Прама ў твар, практычна паралельна зямлі, ва ўсе шчыліны ў вопратцы. На скуры, на понча, на байдарцы, усюды - мокры, цяжкі, мокры сьнег. Сьнег, якога мы ня бачылі ўсю зіму. Доўгачаканы?.. Сакавік ўсё-ткі. Сумленьне б меў. Холадна, мокра, няўтульна. А рачулка ўсе б'ецца на рукавы і хаваецца пад нізкімі галінамі дрэў - чорнымі, мокрымі, цяжкімі. І вада - чорная. Чорная і хуткая. І снег шматкамі. Байдарка бясшумна сьлізгае па вадзе. І трэба ўхіліцца ад галінак. І прадрацца скрозь іх, праштурхнуць наш няўстойлівы карабельчык наперад, не перакуліцца. І ня вельмі відаць як - сьнег сьлепіць. І раптам вецер знік. І перастаў ісці сьнег. І цішыня зазвінела ў вушах тоненькім цурчаннем вады. Мы ціха сьлізганулі ў рукаў. І адбілась, дзесьці глыбока ўсярэдзіне, на негатыў душы, чорна-белы фатаздымак. Чорная пратока, чорныя дрэвы ў мудрагелістым танцы галін, падкрэсленыя белым цнатлівым сьнегам. Нямы плач унутры: захапленьня, страху, забытага адчуваньня дзяцінства, згубленасьці, самоты, але агульнасьці й датычнасьці з гэтым месцам у дадзены момант часу. Гэта - маё Белае Маўчаньне. Гэта - мая Лесавая Рэчка... ...І было проста агідна мокра і холадна. Абед. Сумны бераг. Білі дробныя дрыжыкі. Слабы касьцёр, цяпло якога разам са з'едлівым дымам знасіла кудысьці ў бок. І з’явілася раздражненьне. І злосьць. І знікла ўсмешка. Гэта была тая самая хвіліна слабасьці, калі хочацца кінуць усё і павярнуць назад. Як добра, што назад - немагчыма. Я стала моцнай пасля гэтага прыпынку. Да яе працавалі здаровае, трэніраванае цела і матывацыя. Пасля яе - спартыўная злосьць і сіла духу. Я спадзяюся, Вы гэтага не заўважылі, хлопцы. Я вельмі хачу так думаць... ...Можа быць, гэта той самы ўзрост - бліжэй да «ўзросту Хрыста», калі прыходзіць асэнсаваньне сябе ў гэтым сусьвеце? Калі жыццё ўспрымаецца як падарунак, як цуд. Колькі было падарункаў і цудаў!!! Я пералічваю, ні ў якім выпадку па значнасці, а па прыходзячым па ланцужку ўспамінам. Бо, пацягнуўшы за пачатак ланцужка, спыніцца ўжо не магу: ...калі прыйшла таксоўка - мінівэн, я падумала, што неяк ніякавата адной у такой велізарнай машыне ехаць, а па дарозе ўбачыла людзей з байдаркамі, нашы, і мы з таксістам падабралі іх, а хлопцы смяяліся - думалі, кажуць, як бы бясплатна пракаціцца прыпынак да вакзала! ...а на першай стаянцы Васіль Васільевіч падарыў мне шкарпэткі касматыя і незвычайна далікатныя. Мне такія на нагах сястры дужа так падабаліся, ды часу няма, іх па крамах шукаць - цуд! ...а на другой стаянцы Леанід Афанасьевіч уручыў мне тэрмакоўдру і грэлку - і ночы адразу сталі цёплымі і камфортнымі. А потым Зьміцер сказаў, што гэтыя тэрмакоўдры выдзяляюць толькі «правераным партыйцам»! І Вы мне пра мае вочы?!! Такога камплімэнту ў жыцьці не атрымлівала! ...а па раніцах ля вогнішча чуўся покрык Юркі - «кава толькі першым тром»! Я - гультайка, апошняй заўсёды выбіралася з палаткі. А ў асабліва марозную раніцу Юрка прынёс каву прама ў палатку - і я, адкінуўшы полаг, любавалася узыходам сонца ў цёплым спальніку з кубачкам гарачай кавы ў руках! ...ааааа... А яшчэ быў шакаляд вялікімі недарэчнымі кавалкамі, песьня Колі і «пнёвы» касьцёр. Хачу адзначыць, што Леанід Афанасьевіч - гэта наогул нейкі глабальны, сусветнага парадку, падарунак! А яшчэ быў кампот з абрыкосаў і сухары, семкі і гарачы боршч. Заглыбілася ў гастранамію. Пра тварог са згушчонкай - ужо пісала. Гэта - амброзія. Была стаянка ў разгалістай сасны. Мікробы. Гумовы бот з «перасаджанай скурай». Прапанова Васіля Васільевіча спаць у адной палатцы і зорка ў сузор'і Вялікай Мядзведзіцы, па якой старажытныя грэкі правяралі зрок, бярозавы сок з мякацьцю, распілоўваньне дроў (я ж пілую дрэнна, але грэцца трэба, і хлопцы трывалі гэты здзек), пігулька з праполісам, сонца, Фёдар з мікрааўтобусам... Не стаміла? Не магу спыніцца. Жыццё - як Цуд! Паход - Казка! Строгі Васіль Васільевіч - хлапчук! " Я Вас люблю. Чего же боле. Что я могу ещё сказать?" Жыццё ўносіць свае карэктывы ў нашы пляны. Не заўсёды атрымоўваецца вырвацца ў паходы. Але калі яны такія - у любую непагадзь, любы маршрут я з Вамі - мая каманда, мае мужчыны! P.S. Цікава, ці была я меркай для мужчын стомленасці, магчымасцяў, радасці?
пераклад: Юрась Федзюковіч (DzedFyodar)
Источник: http://www.wmbel.net/htlm/lessovaya2.htm |