*з захаваньнем асаблівасьцяў маўленьня аўтара
Частка першая, уводная.
Гэта адбылося. Цеплым летнім дзяньком, экіпіраваныя з дапамогай брата Антонія, мы з Алесяй (маей любімай і вельмі паважанай жонкай) выправіліся у падарожжа вакол возера. Выехалі, трэба сказаць, з помпай, на прыгожанькіх ласіпедах (дарэчы горных), у шлемах, з новымі заплечнікамі (чамусьці пустымі). Як паказала далейшае развіцце падзей, хоць кусочак хлеба трэба было туды закінуць, бо тое, што здаецца на першы погляд лёгкім і вясёлым падарожжам, можа абярнуцца сур’езным выпрабаваннем. Але аб усім па парадку.
Частка другая. Пачатак.
Вось і заціхлі трубы аркестру і ўсхваляваныя крыкі праваджаючых нас "грамадзян”. Ціха паскрыпваюць педалі (а можа суставы?), шапаціць пад коламі пясочак, і толькі раз пораз галінкі, якія лупяць па твары, нагадваюць пра тленнасць нашага быція.
|
Праехаўшы з кіламетры два, ужо трохі прывыкаем да кіравання нашымі "жалезнымі канямі”. Гэта ж страшна падумаць, цэлых 15 ці 17 хуткасцяў (на машыне 4 можна за ўсе жыцце і не асвоіць). А тут яшчэ высветлілася, што агульні стаж кіравання веласіпедам у маей Алесі мізэрны – "Ну, так, пару разоу ў дзяцінстве ў магазін ездзіла”. Добра, добра што першая частка нашага падарожжа праходзіць па добрай і гладкай дарозе. Вось ужо і вёска Слукі. Праязджаем яе. Як заўседы, ў канцы вёскі, адбіваемся ад нейкіх сабак (во гэта так далі хуткасьці, я мусіць адну і абагнаў) і выязджаем на ўзгорак. З узгорку адкрываецца дзівосны від на возера, яно ўсе як на далоні, з сваімі астравамі, паўастравамі і залівамі. Час першай фотасесіі. Сфатаграфаваўшыся, рашаем хоць для праформы дастаць і паглядзець на карту (прыгожая такая, каляровая). Паглядзелі і памчалі…
Частка трэцяя. Прыгоды пачынаюцца.
|
Ляцім з гары. На хаду прызвычаемся і вывучаем тармазныя ручкі і прыдарожныя канавы. Возера злева ад нас і мы не забываемся пры магчымасць зварочваць да яго, шукаць так сказаць, добрыя месцы для адпачыну. Вось каля возера на прыгожай палянцы бачым шмат буслоў і… трактар. Не зразумела. Але ўсе роўна фатаграфуем і ціснем на педалі далей. Пасля аднаго "сляпога” павароту вылятаем прама на "ДОТ”. Так, сапраудны нямецкі "ДОТ”, на беразе возера. Гэта ўжо цікава. Канечне ж традыцыйная ў такім выпадку фотасессія і трэба мусіць брацца за карту, бо дарога раздвайваецца. Паглядзелі на карце малюнкі і рашылі ехаць лявей (канечне ж, як аказалася, не туды). Заехалі у тупік – з аднаго боку возера, з другога балота. На палянцы месца адпачынку. Але месца гэта хітрае: людзі добрыя, калі вы бачыце на паляне кастрышча, столік з лавамі і г.д. і да т.п., гэта яшчэ не значыць, што там можна і касцярок паліць і палатку паставіць. Шукайце шыльду "ПЛАТНАЯ ТУРИСТИЧЕСКАЯ СТОЯНКА”. Калі яе няма, то ваш адпачынак можа зраўняцца па кошце з адпачынкам у Турцыі. Мне здаецца, што прыродаахова спецыяльна іх не разбірае, прыманка так сказаць. У далейшым іх будзем называць "стаянкі-прыманкі”. Усё, крык душы прайшоў, трэба вяртацца назад на раз’езд.
З раз’езду даліся ў права. На наша шчасце выскачылі на поле і яшчэ, ў дадатак, на ўзгорак, з якога добра было відно вёску, наша першая "кантрольная” кропка. У вёску ўляцелі фіерычна - абтраслі адну яблыню і папоўнілі запас вады. Паглядзелі малюнкі на карце і цісканулі на педалі (па добрай ужо нашай традыцыі не туды). Метадам выключэння, праз хвілін 30, знайшлі дакладную дарогу (засталася апошняй), і рушылі…
Частка чацвёртая. Прыгоды пачынаюцца II.
Рушылі… Гэта моцна сказана, рушылі. У самым пачатку дарогі прышлося фарсіраваць вялізную лужу, нашы бліскучыя роверчыкі прынялі выгляд сапраўдных турыстычных байцоу, а мы партызан, якія ўцякаюць па балоце ад аблавы. І вось, так, аб’язджаючы калдобіны, лужы, камбайны (што яны там рабілі?), губляючы раз-пораз дарогу, мы прабіваліся да светлай будучыні – вёскі (другой "кантрольная” кропкі) і лепшай дарогі.
І вось вёска, хаця вёска так сабе, дзве хаты. З гордасцю праехаўшы па цэнтральнай вуліцы, звярнулі да возера. Наткнуліся на коней, шмат коней. Рашылі не рызыкаваць і рэціраваліся назад на дарогу. Паціху круцім педалі, дарога добрая, хуткасці ўстаноўлены на 3-5, словам усё гут, жыві і радуйся. Пачалі сустракацца ЛЮДЗІ. Нас, ужо трохі адзічаўшых, гэта не радавала, і мы зноў звярнулі да возера. На шчасце коней там не было і дарогі, таксама. Далей прыйшлося ехаць па сцежачцы, якая вілася па самым беразе. Трэба сказаць, што гэта сцяжынка спадабаецца тым, хто любіць раз-пораз прыгладзіць бокам сасёнку, перакуліцца праз галаву, адуцюжыць усім целам кусты арэшніку. Перажыўшы ўсе гэтыя фокусы (і не раз), выскачылі на палянку, хітрую такую, "палянку-прыманку”. Перакусіўшы вадой, яблыкамі і нейкай непанятнай пячэнінай, што знайшлася у Алесі у кішэні, сталі думаць куды ехаць далей. Паглядзеўшы на карту, навучаныя горкім вопытам, паехалі не туды, куды паказваў гэты манускрыпт. Е-К-А-Р-Н-Ы БАБАЙ!!!!! ЗНОУ ПРАМАШКА!!!! Пакрычаўшы не ведама каму, не зусім добрыя словы, у лес, зразумелі, што не ўсё так дрэнна, карту мы чытаць прылаўчыліся. Выбраліся на лясную сцежку, выбралі накірунак і паціху пакацілі. Лес светлы, прыгожы, злева шуміць возера, ціўкаюць птушачкі… Жыцце наладжваецца!
Частка пятая. Лёгкая.
Дарога праходзіць па асфальце, па гэтаму пісаць няма аб чым.
Частка шостая. Экстрэмальная.
З’ехалі з асфальту, зверыліся з картай (як-ніяк асы ўжо), паехалі да возера. Трэба напомніць Вам, паважаныя чытачы, што мэтай нашага падарожжа было аб’ехаць возера Мядзел па крузе. Мы ўжо ўяўлялі сабе хвіліну трыумфу, фанфары і г.д. Але тут пачалося. Усё гэта можна ахарактаразаваць так: "Еду туды, не ведаю куды”. Наша актуальная карта выпуску 60-70 гадоў у гэтай частцы падарожжа становіцца зусім непатрэбнай нават для такіх "асаў” як мы – ДАРОГ УЖО ГЭТЫХ НЯМА! З гадзінку панаразалі кругамі па полі, патыкаліся па кустах, даелі астаткі вады і выскачылі на жвір.
Ехаць проста па жвіры, да дарогі Паставы-Вільнюс, а потым па асфальце? Не, гэта не па нас. Рашаем яшчэ раз рызыкнуць. Па ўжо наццаць раз чытанай карце выбіраем сцяжыкну, апошні наш шанец. Ага, а вось і яна, з’язджаем з жвіра, і натрэнірованымі нагамі "ніціскаем у полік”. Чорт!!! Вось скажыце, чаму ўсё добрае так хутка заканчваецца? Вось і наша сцяжынка, хоп, і кончылася, далей поле, авёс, харошы такі авёс, буйны. Рабіць няма чаго, кароткая размова і мы ўжо прадзіраемся па полі. Чым добрыя такія веласіпеды, што ставіш скорасці 1-1 і наперад, да перамогі. А перамога там, наперадзе, дзе лес, бо за лесам павінна быць вёска, трэці "кантрольны” пункт. ЧУЧАЛІЦЫ, ніколі не думаў, што буду так туды хацець папасці.
|
Настрой трохі падняўся, бачым ужо прагаліну ў лесе. "Зараз праскочым лес, там вёска, і мы хутка дома” – такія думкі раіліся ў нас у галаве. Як мы памыляліся! Лясная дарога скончылася амаль не пачаўшыся, вось проста так едзеш, едзеш, а потым раз – і ўсё, няма дарогі, лес, проста лес. Надыбалі на нейкую стежку і рашылі шукаць шчасця на ёй. А сонца то ўжо садзіцца пачало, лес цямнець пачаў і, у дадатак да гэтага, працягаўшыся ўжо хвілін з сорак, зрабілі не зусім прыемнае адкрыццё - а па сцежачцы та па нашай мы першыя з людзей ідзем, сцежачку гэту кабанчыкі дзікія вытапталі. І прыйшлі мы акурат да іх дадому, да ляжаначак іхніх. Не буду апісваць, што і грыбоў там шмат бачылі і "ДОТ” нямецкі і арэхаў шмат, скажу толькі, што выскачылі мы з таго лесу за хвілін за 15 (пры гэтым песні равелі на увесь лес), дзе толькі сілы знайшлі. Выхаду не было. Канец. Як гаворыцца "Даставай Язэп гармонік”. Зноў аўсяное поле, жвір. У нейкай вёсцы па дарозе сустрэлі дзеда і пацікавіліся – "А ці ёсць дарога, да гэтых Чучаліц, прамая”. Дзед сказаў, што ўжо гадоў з дваццать як няма, не ездзіць ніхто. Людзі, не верце картам!
Рашылі ехаць да шашы Вільнюс-Полацк і па ёй ужо дабірацца дадому. Але прыкінуўшы па нашай цуд-карце, колькі гэта кіламетраў зразумелі – да цемнаты шанцаў даехаць няма (па праўдзе сказаць і да раніцы напэўна не даехалі б).
Набіраем тэлефон выратавання. Набралі нумар, пару слоў, і брат Антоній ужо ляціць на сваім аўтамабільчыку. Вось так мы з Алесяй і скончылі сваё падарожжа - у цеплым аўтамабільчыку, з бутэлечкай піўка ў руцэ (асобы рэспект Антонію).
Частка сёмая. Фінальная.
Перадаць усе перажыванні і ўражанні ў невялічкіх запісках проста немагчыма. Але паверце, хапіла ў гэтым падарожжы ўсяго: і прыемнага, і не зусім. Адно можна сказаць з упэўненасцю – СПРАВУ ТРЭБА ЗАКОНЧЫЦЬ, У КАНЦЫ КАНЦОЎ ДАБРАЦЦА ДА ГЭТЫХ ЧУЧАЛІЦ! Вось гэтым мы з Алесяй і паспрабуем заняцца у наступным сезоне (за адно і компас засвоім). Канец. |