Тэставаньне марафона "Налібакі” (трэк-клас)
Калі: 14 – 15 сакавіка 2009 году.
Удзельнікі:
Федзюковіч Юрась (DzedFyodar)
Багдановіч Наташа
Маршрут: г. Івянец, в.Камень, в.Пятрылавічы, хутары Уса, в.Пруды, м.Налібакі, воз.Кромань, хутары Бойная, хутары Чорная, в.Зуберава, в.Аталезь, в.Апечкі, г.Стоўпцы (Стоўбцы); Менскі й Стаўпецкі (Стаўбцоўскі) р-ны, Менская вобласьць.
На адным з арганізацыйных збораў была размова пра тэставаньне трэкавага класу марафона "Налібакі”. На жаль да гэтага часу я сышоў. Але трапна ўзяўшы на сябе права майго голасу, Наташа выказалася станоўча за тэставаньне дыстанцыі са мной на пару. Час выбралі, для нас, бязбашэнных, па надвор’і самы непадыходзячы, але клёвы – 14-15 сакавіка.
Плянавалася максымальна свой ход прыраўняць да часу будучай гонкі. Па гэтаму ў суботу дамовіліся ня рвацца з ранку, а аўтобусам з аўтавакзалу Менск-заходні ехаць на Івянец як усе. Машыну пакінулі дома. Даўно я ня ездзіў маршрутнымі абласнымі аўтобусамі. Аб гэтым тэж можна расказваць, але мы не аб гэтым.
У Івянцу былі ў 13 гадзін. Увайшлі на цэнтральны пляц і вырашылі стартаваць ад парку і помніку Дзяржынскаму. На гадзінніку 13-20. Адразу рушылі з гораду ў бок в.Камень. Тут дарога асфальтаваная, ісьці лёгка, толькі ж пачалі. Цікавая штука адбывалася на гэтым адрэзку. Амаль кожная машына спынялася й кіроўца прапаноўваў нас падвесьці. Адмаўляемся, а сардэчныя тыбульцы ня могуць уцяміць, як гэта, ідуць, дарога ад гораду і ня трэба падвозіць. Дзякуем і развітваемся. Вось жа справы. Мы гэта потым вечарам нядзелькі ўспаміналі з жалем.
Пасьля Пятрылавічаў асфальт збочвае ў права да урочышча Дзяржынава, дзе калісь быў маёнтак роду Дзяржынскіх. Мусіць цяпер там музэй. Ну й далі Бог. А нам напрасткі. Асфальт скончыўся, далей дарога лясная. Зараз на ёй ляжаў добра ўтрамбаваны сьнег. Каляіны ад колаў і прагаліны з лужынамі. Ісьці склізка і мокра. Але вакол прыгожа! Зеляніна елак мяжуецца з белым сьнегам і перамешваецца з шэрасьцю прашлагодняй травы, праз якую ўжо спрабуюць прабівацца зялёныя парасткі.
Вышлі да невялікай рачулкі Вусса, дзе нас, ля хутару, сустрэў нейкі дзядзька з пысай старажовага сабакі і пачаў на нас "брахаць”. Маўляў: "Ідзіце адсуль. Тутака гаспадарка прыватная! Зямля мая. Вам тутака нельга!” Прарываючыся, падыходжу да "мосту”, што на мапе намалёваны – а яго няма. Ідзем шукаць кладачкі. Яны паблізу. Тут павінен быць першы КП. Нешта ня вельмі мне падабаецца аўра гэтага месца. Робім вялікі прыпынак з перакусам, запарваем гарбату на газавай гарэлке і абмяркоўваем месца. Вынікам спалучэньня розных пазыцый стаў выбар месца КП-1 ня тут, а на рэчцы Шура, напрасткі 500 мэтраў. Тамака прыгожа зараз, а ў часе гонкі павінна быць шчэ больш прыгажэй. І галоўнае, што мы вырашылі, будзем настойваць, каб гэты КП аддалі нам на валанцёрства.
Далей вёска Пруды. Доўгая й па простаму прыгожая. І людзі чульлівыя. Гэта так уздымае настрой! У краме даведваемся, што мы ідзем не ў НалібОкі, а ў НалІбакі!!! Гэта перакульвае нашае ўспрыманьне рэчаіснасьці. І на падыходзе да мястэчку знак падкрэсьлівае: "НалІбакі”. Тады і пушча будзе НалІбацкая!! А ў Налібаках павінен быць другі КП. Я прапаноўваю яго рабіць ля касьцёлу, куды і завітваем.
Як ён прыгожа выглядае ў цямнечы з запаленым унутраным сьвятлом, што струмяніцца праз вялікія вокны. Я не ўтрымаўся й зайшоў. Ішла вечаровая імша. Крышачку пасядзелі, паразважалі і вырашылі данесьці, што тут увогуле няма чаго рабіць КП-2. Ад КП-1 недалёка, дый тут няма чаго рабіць натоўпу. Гэта ж гонка. А мы адпачываем. Ужо даўно цямно, бо на гадзінніку 19 гадзін. Далей з Налібакаў нас чакае лясная дарога праз балота да возера Кромань.
Забыў падкрэсьліць, што мы бралі з сабой заплечнікі, у іх палатка, спальнікі, дываночкі. Газавую гарэлку ўжо ўспамінаў, ежа й вада. Гэта таму, што нас на КП ніхто не чакаў, як гэта будзе на гонке для удзельнікаў. І я ня вельмі верыў, што ноччу я кудысьці буду йсьці. Я буду спаць. Тым больш, што ў дзьве папярэднія ночы добра выспацца не атрымалася. Па цемнаце, па склізкай дарозе дашлёпалі амаль да Кромані, але вельмі стомленыя паваліліся ў палатку і паснулі. Але каб адвесьці развагі пра тое, што мы тэставалі гонку, а самі паснулі, давяду – у адведзеныя 24 гадзіны на поўны маршрут мы ўклаліся.
Ранак быў цудоўны. Сонейка, цяплыня. Але й марозік чапляўся добра. Мяне за нос, а Наталку за ўсё астатняе. Зборы хуткія і да Кромані рукой падаць. Месца КП-3 нам вельмі падабалася. Будзе тут прыгода для гоншчыкаў, але рыбацкая база, дзе можна заехаць на машынах – на процілеглым беразе. Рушым туды. На Кромані, да рэчы, стаіць тоўсты лёд, але мы як і павінна быць, ідзем шляхам гоншчыкаў – па лесе.
Пакінуўшы Кромань збочваем на лясную дарогу да хутара Бойная. Спадзяемся на добры шпацыр па лясной дарозе, але за хутарам выходзім на шлях. Бачна, што нядаўна тут вырубалі дрэвы й сыпалі пяском дарогу. І гэта якраз наш напрамак. Да ўсяго надвор’е пачало псавацца, стала халадней, а ісьці па пяску цяжэй. Так і шляпаем з мокрымі нагамі да рачулкі Чорная, зьбіраючы дробныя й вялікія абразчыкі камянёў крэмня.
Ля рачулкі трэба збочыць ўлева да хутара Чорная. Абалдзенны хутар. Прыгожы, вельмі. Зноўку нам прапаноўваюць пад’ехаць да Стоўпцаў на машыне, а мы зноўку адмаўляемся. Во будзе спакуса гоншчыкам, самі сабе разважаем. Далей быў пэўны кавалак прыгожай прыроды. Цёмны лес, дарога зарослая й перапаханая дзікамі. Уся! Вельмі цікава было йсьці, нягледзячы на стомленыя ногі. І гэтак да урочышча Голае Балота.
Пераходзім праз каналы, мінаем канал Руснянскі і рушым па дарозе. Жуд. Такога я вельмі не люблю. Дарога такая прамая, што праз 5 кілямэтры добра бачны паварот у левы бок. Амаль гадзіну ісьці прама. І што далей. Паварот, а там далей восемь кілямэтраў дарогі тэж бачныя, як на далоні. Мае нэрвы неяк стрымліваюцца. Тупа шлёпаем па размоклай кашыне снегу й гразі. Тут пачаліся думкі пра заканчэньне здзекваньня над арганізмам і зьняцьце з маршрута. Але адкуль тут машыны??
Ёпцель. Наганяе фольцвагэн-шаран. Усё, свальваем. А ў яго няма сядзеньняў ззаду. Ну што ж, кажу, яжджай сабе. Ён паехаў, а перада мной зоркамі зазьзялі вочы Наташкі. Здавалася яшчэ сэкунда й я буду разарваны на кавалкі. Вось яно, пачуцьцё каманды. Але мы паразумеліся. Мы ж сябры. Пакавылялі далей – гэта ня наш рубікон.
КП-3, ля вёскі Зуберава, нам спадабаўся. Бэтонны "фалас”-помнік, хаваючыся ў елках, увёў Наталку ў экстаз. Адпачыўшы, вырашаем, што на фініш нам ісьці ня трэба, тут усё проста, а нам трэба неяк шчэ выбрацца да цягнікоў. Таму выбралі шлях на Стоўбцы, тым больш, што кілямэтры мы свае ўзялі поўнасьцю. Сцямнела хутка. Гатоўнасьць на завяршэньне маршрута пры першай жа папутцы разглядаўся з задавальненьнем. Але, на нашае бурнае здзіўленьне, ніводная машына не спынялася. Во справы. І мы мужна рушым да трасы М1. Толькі там нас падхапіў бусік, кіроўца якога завёз да вакзала ў Стоўпцах. А як ён прыгожа размаўляў. Дзякуй яму шчэ раз!
Падвядзем вынік. Шлях наш склаў 80 кілямэтраў. Часу мы затрацілі агульна 34 гадзіны. Але за вылікам карыстаньня газавай гарэлкі, завітваньня ў касьцёл, размоў з людзьмі на Кромані - час на хаду можна залічыць як 31 гадзіны. Але калі вылічыць час на сон, то атрымліваецца – 19,5 гадзіны. Для сябе лічу гэта вельмі добрым вынікам. Без асабовай падрыхтоўкі, з заплечнікам і рэчамі, цяжкімі дарогамі й надвор’ем не адпавядаючым пешым прагулкам – я адчуваў сябе вельмі задаволеным, трасясь у электрацягніку на Менск.
Дзякуй вялікі Наталцы за кампанію й падтрымку! |