Ператуць (Рудзіца) — рака ў Дзяржынскім і Ўзьдзенскім раёнах Менскай вобласьці, правы прыток ракі Ўса (верхні прыток Нёмана). Даўжыня 44 км. Плошча вадазбору 344 км2. Сярэднегадовы расход вады ў вусьці 2,2 м3/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,8 ‰.
Ператуць пачынаецца за 1,4 км на паўночны захад ад вёскі Лучыцы Дзяржынскага раёну, цячэ празь невялікія лясныя масівы па паўднёвых схілах Менскага ўзвышша, мястэчка Негарэлае, упадае ў Вусу на поўдзень ад вёскі Кухтычы Ўзьдзенскага раёну.
Прытокі – Самацеч (левы), Сініцкая, Еленка (правыя), мэліярацыйныя каналы.
Даліна на вялікім працягу невыразная, месцамі трапэцападобная. Абалона пераважна роўная, месцамі пад хмызьняком. Рэчышча ў высокай плыні і на асобных дзялянках сярэдняй плыні каналізаванае.
Адрэзак для сплава складае прыкладна палову з 44-кілямэтровай даўжыні Ператуці. Стандартным месцам для пачатку маршрута выбіраецца пункт прыпынку (далей – п.п.) электрацягнікоў «Энэргетыкаў», дзе Ператуць падыходзіць максімальна блізка да станцыі. Можна заплянаваць старт вышэй на 4,4 кілямэтра, ад трасы М-1, прайшоўшы першыя мэтры па канале, які ўпадае справа. Вышэй рэчышча ракі ўсё ўведзена ў каналы і ўзровень вады ў іх не падыходзіць для сплаву на байдарках.
Калі закід планаваць на аўтамабілі, можна пачаць сплаў ад маста ў в.Рудня за 3,8 кілямэтра перад п.п. «Энэргетыкаў» альбо ад аўтамабільных мастоў Энэргетыкаў-Станькава і Энэргетыкаў-Узда. Гэта адпаведна 2,1 і 9,6 кіламетраў ад п.п. «Энергетыкаў».
Першыя дзесяць кілямэтраў да маста на г. Узда рака віхляе ў забалочанай даліне з часта сустракаемым зьмяшаным лесам, дзе магчыма падабраць месца для стаянкі, але добрых выхадаў няма. Затое на гэтым участку сустрэнецца велізарная колькасьць завалаў і пешаходных масткоў.
Пасьля вёскі Гарбузы (5,6 км) і перад вёскай Гарадзішча (7,3 км) рэчышча дзеліцца на рукавы. За Гарбузамі абодва яны непраходныя з-за завалаў, як і правы рукаў, насупраць вёскі Гарадзішча. Гэты ўчастак можа быць выкарыстаны турыстамі вельмі засумаваўшымі па разбору завалаў і абносам. Шырыня ракі тут разніцца ад 2 да 3,5 мэтра.
Пасьля маста на г. Узда (9,6 км) рэчышча станавіцца чыстым і праз кілямэтар пераходзіць у каналы. Шырыня каналаў каля 5 мэтраў на ўсім працягу. За вёскай Логавішча сустрэнецца першы шлюз (11,6 км) пасьля якога лес ад ракі адступае і Ператуць выходзіць на прастору шырокіх лугоў, па якіх цячэ выпрастаннай і сумнай.
Берагі высокія да 3 мэтраў, роўныя і голыя. На 15-м, 18-м і 20-м кіляметрах сустрэнуцца яшчэ тры шлюзы. Усе шлюзы, у залежнасьці ад абставін, могуць патрабаваць абносу. Да самага вусьця месцаў для стаянкі няма. Толькі на 19-ым кілямэтры справа блізка падыходзіць малады яловы лес, дзе можна ў экстраным выпадку арганізаваць стаянку.
Насупраць вёскі Броды 1-е рэчышча звужаецца, у рацэ сустракаюцца камні. Ператуць пакідае каналы калі на правым беразе ракі становяцца бычнымі домікі вёскі, а праз кілямэтар ўліваецца ў раку Ўса.
Максымальны кілямэтраж па Ператуці можа скласьці 26 кілямэтраў або 22 ад п.п. «Энэргетыкаў». Паход па Ператуці павінен разглядацца ў звязку рэк Уса і Нёман.
Геаграфічныя аб'екты на рацэ: в. Касілавічы, в. Ст.Рудіца, в. Рудня, м. Негарэлае, в. Чурылы, м. Энэргетыкаў, в. Гарбузы, в. Гарадзішча, в. Лагавішча, в. Броды 1-е
Выкарыстаныя крыніцы:
Блакiтная кнiга Беларусi: Энцыкл. / БелЭн; Рэдкал.: Н.А. Дзiсько i iнш. — Мн.: БелЭн, 1994.
По Верхнему Неману и Налибокской пуще. С.И.Турецкий. Минск, 1988 |