НІШЧА (рус. НИЩА)
Рэчка Нішча працякае ў Себежскім раёне Пскоўскай вобласьці Рассеі і Расонскім раёне Віцебскай вобласьці Беларусі. Правы прыток ракі Дрыса (басэйн Западнай Дзвіны). Даўжыня 85 кілямэтраў, з каторых 68 - па тэрыторыі Беларусі. Плошча вадазбору 1380 км2. Сярэднегадавы расход выды ў вусьці 9,7 м3/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,3‰.
Рака выцякае з возера Нішча (Расея), працякаючы па Полацкай нізіне. Вусьце ў кілямэтры заходней ад вёскі Кульнёва. Асноўныя прытокі: Чарапяціца, Люці, Вельніца (левыя), Ахонка і ручай Галавач (правыя). Даліна ў асноўным трапецыпадобная шырынёй 100-200 мэтраў. Пойма часьцей двухбаковая, чаргуецца па берагам, у сярэднім і ніжнім цячэньні часова адсутнічае. Рэчышча зьвілістае шырынёй 25-30 мэтраў, у ніжнім цячэньні рэчка зарэгуляваная Клясціцкім вадасховішчам. Найвысшы ўзровень паводкі напрыканцы першай дэкады красавіка, сярэдняя вышыня над узроўнем у межань 3 мэтры, найбольш з зарэгістраваных - 5,1 мэтра. Рака замярзае ў сярэдзіне сьнежня, крыгалом пачынаецца ў першай дэкадзе красавіка.
Рэчку Нішчу трэба праходзіць не спяшаючыся і з задавальненьнем. На гэты маршрут магчыма браць з сабой дзяцей, пры безумоўным выкананьні ўсіх правіл бязпекі паводзінаў на вадзе. Наяўнасьць спасжылетаў і ёмістасьцей незатапленьня ў байдарцы абавязковыя.
Маршрут па рацэ Нішча можна пачынаць па-рознаму. Маюцца два асноўных варыянты: пачаць маршрут па самой Нішчы з возера з аднайменным назовам, чы з возера Чарапіцкае па леваму прытоку Нішчы – раке Чарапяціцкай.
Пры выбары варыянта старта з возера Нішча патрабуется дакладна разлічыць магчымасьць заброскі ў вёску Баярынава. Гэта тэрыторыя Расеі. Для заброскі можна скарыстацца рэйсавым аўтобусам з перасадкай з Полацку праз Расоны чы Клясьціцу.
Адзіны незабалочаны бераг возера, дзе можна стартаваць, знаходзіцца непасрэдна ў вёсцы. Берагі возера Нішча адкрытыя й пазабалочаныя. Рака Нішча выходзіць з возера плёсам шырынёй 100-120 мэтраў да вёскі Нішча на працягу 2 кілямэтраў. Пасьля мосту ў вёсцы рака звужаецца да 20-25 мэтраў, берагі пазабалочаныя ў лугавой пойме. Характар ракі не мяняецца да мяжы з Беларусьсю, лес бачны толькі здалёк. На адрэзку да мосту Полацк-Апочка мажліва спыніцца толькі на правым беразе ў вёсцы Палейковічы, гэта 9-10 км ад пачатку маршрута.
Старт мажліва арганізаваць на левым беразе - за 100 мэтраў перад мастом шашы - на палянцы. І недзе праз гадзіну руху рака ўваходзіць у лес. Яна становіцца мяжой паміж Расеяй і Беларусьсю. Тут рака звужаецца і цячэньне значна паскараецца. З’яўляюцца завалы, адзіныя на ўсім маршруце, і сустракаюцца толькі на "межавой” часцы ракі. Берагі на гэтым адрэзку высокія, парослыя травой. Шырыня ракі ў раёне драўлянага маста дарогі Лісна-Далосы 6-7 мэтраў і, ў сухі перыяд году, можа стацца мелкаводнай. Непасрэдна перад і пасьля маста есьць магчымасьць стаць на стаянку на правым беразе і прагуляцца да азёр Шыпок і Глыбокае. Шыпок знаходзіцца побач, а да Глыбокага, што месьціцца ніжэй па цячэньні, прыдзецца прагуляцца больш за кілямэтар. Наступнае месца для стаянкі патрапіцца перад вусьцем Чарапяціцы на высокім левым беразе.
|
Пры выбары варыянта старта з возера Чарапіцкага патрабуецца арганізаваць заброску на паўднёвы бераг возера заказным аўтобусам. Тут ёсьць добрая, абсталяваная стаянка з альтанкай крыху заходней ад кропкі на мапе узроўня вады 138,9 м. І яна не адна. Тут мажліва зладзіць начоўку.
Сплаў пачынаецца па азёрах. Спачаку Чарапіцкае, потым Валькоўскае і Чарэпта. Пачаўшы сплаў па возеру Чарапіцкае патрабуецца трымацца паўночна-заходняга накірунку і, рухаючыся ўздоўж чароту, шукаць пратоку ў возера Валькоўскае. Рухаючыся па ім неабходна трымацца левага берага, каб не патрапіць у азёрны заліў.
У возеры Чарэпта на левым беразе ёсьць выдатнае месца, бераг якога парос трысьнягом, але пакінуў крыху месца для выхаду. Далей да мосту шашы Чарапяціца пятляе ў высокіх берагах парослых хвойным лесам. Перад мостам і да вусьця берагі зьніжаюцца і рэчышча пятляе па заліўным лугам.
У вусьці Чарапяціцы Нішча мае шырыню 25-30 мэтраў і не выразнае цячэньне. Да вёскі Юханавічі берагі ў асноўным бязлесыя, як і да вёскі Хаданы. Калі здарыцца неабходнасьць рабіць начоўку на гэтым кавалку маршрута, лепей гэта здзейсніць на высокім узгорку ў рэдкім лесе праз кілямэтар за вусьцем Чарапяціцы.
За Хаданамі берагі становяцца стромкімі і маляўнічымі, з’яўляецца зьмешаны лес. Добрых стаянак няма на працягу 4,5 кілямэтры, але пры неабходнасьці стаць на начоўку мажліва. Хуткасьць ракі павялічваецца да 1 км/г.
І ў рэшце-рэшт, калі рака робіць круты паварот і адчыняецца від на паляну і абсталяваную стаянку на правым беразе, трэба абавязкова спыніцца. Тут магчыма арганізаваць абед чы паўднёўку, а так сама арганізаваць экскурсію да трох азёр: Кляшня, Начоўка і невялікае сплаўнае возера падобнае на сэрца. Гэтыя азёры не пакінуць вас абыякавымі.
Праз гадзіну чы каля 7 кілямэтраў далей па левым беразе будзе абрывісты бераг на якім добрае месца для стаянкі. Калісьці нехта назваў гэта месца "Стаянка шчуч’я”, аб чым сьведчыць надпіс на достачцы, якую здаецца пара і абнавіць.
А калі з гэтай стаянкі сплянаваць экскурсію да азёр Чорнае і Перавалачнае, то спатрэбіцца ня менш за тры гадзіны і уменьне арыентавацца па азімуту. Але й гэтыя азёры пацешаць вас сваёй прыгажосьцю. На гэтым кавалку маршрута берагі стромкія, сустракаюцца завалы. У рэчышчы, так сама сустракаюцца валуны.
Наступнае добрае месца для стаянкі маецца на упадзеньні рачулкі Люці, але гэта ўжо тэрыторыя вадасховішча. Вызначыць месца ня цяжка. Пры розным надвор’і і ўзроўні вады яго пазнаць ня цяжка. Левы бераг адназначна намякае на абсталяваную стаянку. Адсюль каля 10 хвілін да маста ў Клясьціцах і каля 25 хвілін да ГЭС. Абнос плаціны трэба рабіць па левым беразе. Тут ёсьць абсталяванае месца, але начаваць у блізасьці населенага пункта не пажадана.
У вёсцы Клясьціца ў аўтамабільнага маста можна спыніцца і здзейсніць экскурсію да помнікаў айчыннай вайны і стэле прысьвечанай злому французкіх войскаў на шляху да Санкт-Пецярбургу.
На адрэзку ракі да маста блізу вёскі Маркава рэчышча пятляе ў ліственных лясах і прыстойных месц для стаянкі няма. Аднак перад мастом на левым беразе сустрэнецца абсталяванная стаянка з дахоўкай, якая аднак часта наведваемая. За мастом вады ў рацэ значна меншае і з’яўляюцца невялікія каменныя перакаты, сустракаюцца валуны. Ля вёсцы Конюхава сустрэнецца брод і вузкі пясочны пляж на левым беразе, дзе магчыма выйсьці на бераг. Далей берагі падымаюцца вышэй і дасягаюць 10 мэтраў.
У вёсцы Сакалішча сустрэнецца мост і адразу за ім вада перакатваецца па камяням. Выявіць гэта магчыма толькі ў межань. Тут сама патрабуецца пільная ўвага, каб не сутыкнуцца з дротам, што нацягнуты ўпоперак рэчышча. У вёску Сакалішча нядрэнна прагуляцца з экскурсіяй. Па-над ракой узвышаюцца рэшткі насыпу дрэўняга гарадзішча. Яно агорнута Нішчай, прытокам Смердзь і штучным ярам.
|
Ад Сакалішч да вусьця рэчышча Нішчы заціснута высокімі берагамі ды й добрых месц для стаянак няма. Рака напоўнена валунамі і невялікія перакаты робяцца нормай. Добрае месца для стаянкі сустрэнецца за 300 і 150 мэтраў да вусьця. Але на самой справе гэта адно й тое ж месца. Рака тут робіць круты разварот ды вяртаецца да наяўнай паляны. Менавіта тут месьціцца глухі завал з бярвён, які ў ва ўсе часы быў непраходным. Адзіным перыядам, калі яго мажліва было прайці, быў час рамонту ГЭС у Клясьціцах. Пры працуючай ГЭС узровень вады не дазваляе праціснуць гэты затор з сплаўных дрэў. На падвышаным левым беразе магчыма арганізаваць стаянку чы паўднёўку з турыстычнай лазьняй.
Да вусьця Нішчы застаецца сотня мэтраў, якія незаўважна праходзяцца. Маршрут можна скончыць падняўшыся вышэй супраць плыні па Дрысе да аўтамабільнага маста Барковічы-Дрэтунь, чы сплавіцца ніжэй да маста Полацык-Асьвея, а так сама працягнуць сплаў па рацэ Дрыса.
Геаграфічныя аб’екты на рацэ: воз. Нішча, в. Баярынава, в. Шішчы, воз. Шыпок. воз. Глыбокае, в. Юхавічы, в. Хаданы, в. Сасновы Бор, воз. Клешня, воз. Начоўкі, воз. Пераволачнае. в.Клясьціцы, в. Забор’е, д. Конюхава, в. Сакалішча.
Скарыстаныя крыніцы:
Блакiтная кнiга Беларусi. - Мн.:БелЭн, 1994.
http://saloni.by.ru/klub/nishcha2008.html
http://belvirtclub.narod.ru/stat/06_nistcha.htm
http://www.wmbel.by |