Мнюта — рака ў Глыбоцкім і Шаркоўшчынскім раёнах Віцебскай вобласьці, правы прыток ракі Дзісна (басэйн Заходняй Дзьвіны). Даўжыня - 41 км. Плошча вадазбору - 873 км2. Сярэднегадовы расход вады ў вусьці - 5,6 м3/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 1,1 ‰. Прыток - рака Лучайка.
Выцякае з возера Пліса каля вёскі Пліса Глыбоцкага раёну, цячэ ў межах Сьвянцянскіх градаў і паўднёва-заходняй часткі Полацкай нізіны праз азёры Мнюта і Вялец, вусьце знаходзіцца на ўсходе вёскі Жукі-Ілжывыя Шаркоўшчынскага раёну. Даліна скрынкападобная, шырынёй 200 - 400 м. Абалона перарывістая, вузкая, месцамі чаргуецца па берагах. Шырыня рэчышча ад 15 да 30 м.
Рака Мнюта з'яўляецца натуральным працягам ракі Шоша і ўся можа разглядацца як сплаўная ад самой вытокі, ад возера Пліса. Пад аўтамабільным мастом у вёсцы Пліса знаходзяцца астанкі вадзянога млына, якія ўтвараюць парог у любы сэзон. На левым беразе каля ракі узвышаецца царква Сьвятой Параскевы Пятніцы. У вёсцы Пліса сустракаецца яшчэ адзін аўтамабільны мост.
На другім кілямэтры праз раку сустрэнецца мост трасы Круляўшчына-Полацык, пасьля якога Мнюта пачынае меандраваць па вельмі прыгожаму, лясному ўчастку да вёскі Мнюта. Тут, каля піларамы на правым беразе, рака рэзка саскоквае пад астанкі старога маста, успенівая ваду. Гэты мост - наўспамін аб часах мануфактур і апошніх іх хазяеў - графоў Бжастоўскіх.
Гэты мост зроблены з элементамі плаціны, а праход ёсьць толькі праз правую, вольную створку. У сьцёку нахільна ляжыць пліта, таму сьліў роўны, але арыгінальны на выхадзе: вада з яго бурна сьцякае і ўтварае нейкае падабенства бочкі. Далей пабудаваны новы мост.
Ад вёскі Мнюта, возера Мнюта і далей рэчка зусім не ўяўляе цікавасьці. Берагі роўныя, голыя. Рака цячэ па забалочанай мясцовасьці. Ад возера Вялец, да дамбы ў вёсцы Дзіўная, каля 15 кілямэтраў падобнага пэйзажу. Далей балота адступае і берагі падымаюцца, але лясной расьліннасьці на іх няма.
Лес пачынаецца за два кілямэтры да вёскі Дзіўная. Тут знаходзіцца мост з плацінай і неабходна рабіць абнос па правым беразе каля 100 метраў. Неўзабаве ў рацэ сустрэнецца штучны перакат, а па правую руку на беразе - разваліны старога маёнтка.
Праз тры кілямэтры рака ўжо ўваходзіць у вёску Лужкі, дзе сустрэнецца аўтамабільны мост і праз 200 мэтраў затор на плаціне старога млына. Неабходна зрабіць абнос па левым беразе каля 60 мэтраў. У Лужках можна затрымацца. Тут маецца касьцёл Сьвятога Міхаіла Архангела, царква раства Божай Маці, разбураная сінагога і польскія вайсковыя могілкі забітых жаўнераў у бітвах 1920 года. Лужкі вядомыя як цэнтр паўстаньня 1831 года ў Дзісенскім павеце.
Да вусьця застаецца 14 кілямэтраў. На гэтым участку ракі часта сустракаюцца населеныя пункты, вялікая колькасць мастоў і кладак, рэдка лес і добрыя месцы для стаянкі. Паміж вёскамі Барсукі і Лугі трэба паспрабаваць выбраць месца для стаянкі. Рака цячэ ў берагах зарослых кустамі, вербамі і алешынай. За кілямэтар да вусьця сустрэнецца аўтамабільны мост да пасёлка Германавічы. У вусьці рака рэзка выскоквае з кустоўя ў шырокую Дзісну. Маршрут можна працягнуць па рацэ Дзісна.
Геаграфічныя аб'екты на рацэ: в. Пліса, в. Мнюта, воз. Мнюта, воз. Вялец, в. Кашулі, в. Дзіўная, в. Лужкі, в. Лапунова, в. Барсукі, в. Лугі, в. Жукі-Горныя, р. Лучайка, в. Жукі-Ілжывыя
Выкарыстаныя крыніцы:
Блакiтная кнiга Беларусi: Энцыкл. / БелЭн; Рэдкал.: Н.А. Дзiсько i iнш. — Мн.: БелЭн, 1994. |