Клява працякае ў Бялыніцкім і Бярэзінскім раёнах Магілёўскай і Менскай абласьцёў, з'яўляецца левым прытокам ракі Бярэзіна (басэйн ракі Днепр). Даўжыня складае 80 кілямэтраў, плошча вадазбору 498 м2. Сярэднегадавы расход вады ў вусьці 3 м3/с, сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5‰.
Свой пачатак рака Клява бярэ з возера Заазерскае ў Бялыніцкім раёне. Вусьце знаходзіцца на паўднёвым-усходзе ад вёскі Чырвоны Бераг Бярэзінскага раёна. Асноўныя прытокі – рэчка Клявіца (правы), Беларэч (левы). Клява працякае па паўднёва-усходнім схілах Беларускай грады і па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна трапецыпадобная, шырынёй 600-800 мэтраў, у нізоўях, на кавалку 6 кілямэтраў, невыразная. Берагі стромкія вышынёй да 5-8 мэтраў. Пойма ў асноўным двухбаковая, шырынёй 200-300 мэтраў. Рэчышча каналізаванае на працягу 17 кілямэтраў у сярэдней часцы і 1 кілямэтар у вытокаў. Шырыня ракі ў межань 6-8 мэтраў.
Рэчка Клява не з’яўляецца месцам, у распаўсюджаным прадстаўленьні турыстаў-воднікаў, як маршрут для воднага паходу. Магчыма гэта і сапраўды так. Дакладна, ёсьць больш цікавыя й дасяжныя маршруты. Але ж нельга адхіляць мажлівасьць правесьці добра час у нязведаннай мясцовасьці.
Рэчка Клява з-за сваёй невялікай даўжыні можа разглядацца як маршрут паходу выходнага дня (ПВД). Так і чуецца, што такія рэчкі мы праходзім навылёт, з-за чаго гэткія паходы становяцца не цікавымі. Адразу жадаю папярэдзіць, маршрут па Кляве можа скласьці да чатырох – пяці дзён. Пры гэтым неабходна вельмі дакладна ведаць узровень вады ў рацэ.
Калі вады багата, тады можна рызыкнуць стартаваць ад аўтамабільнай шашы Беразіно-Магілёў. Такі падыход да плянаваньня пачатку маршрута забясьпечыць вам яскравыя ўражаньні ад пятляньня па рацэ ў чароце, разбор і абнос завалаў, ці блуканьне па пойме ў чароце ў пошуке рэчышча. Аднак пойма ракі з двух бакоў зарослая лесам, таму згубіцца будзе ня так і цяжка.
Ад шашы да вёскі Волы рака рэзка пятляе ў чароце. Шырыня ракі ад 2 да 4 мэтраў, а як рэчышча падыходзіць да лесу – чакай завал. Гэты кавалак ракі можа стацца дзённым пераходам. Месцаў для начоўкі няма да вёскі Дуброўка. Калі да вёскі Дуброўка не атрымалася дайсьці, давядзецца рабіць начоўку ў вельмі нязручным мейсцы. Адрэзак ад шашы да Дуброўкі складае 15 кілямэтраў.
Можна сплянаваць ранішні старт у вёсцы Старыя Прыборкі, сабраўшы байдаркі ля мосту, чы арганізаваць вечаровую заброску да месца ля вёскі Дуброўка. Тут - добра абсталяваная стаянка ля астанкаў мосту.
Адрэзак ракі да вёскі Беразоўка не зьмяняе характара, толькі рэчышча зрэдку пашыраецца да 5-6 мэтраў, але й звужаецца да 2-2,5 мэтраў і час ад часу хаваецца ў чароце. Лес, пакуль, застаецца недасяжным. Пры гэтым завалы, кладачкі й масткі абавязкова не дадуць спакою.
Ад вёскі Казлоў Бераг да выходу ракі з лесу ў каналізаванае рэчышча, перад вёскай Міластава, выбраць месца для стаянкі ня цяжка. Левы бераг на гэтым кавалку ў асноўным высокі і стромкі. Маюцца абсталяваныя стаянкі, лес змешаны, большай часткай ліственны. Аднак сустракаюцца й чыста хвойныя масівы. Кавалак ракі ад вёскі Дуброўка да вёскі Карабоўскае складае 20 кілямэтраў. Добры кавалак для дзённага пераходу.
Адразу за вёскай Карабоўскае, ці раней, абавязкова трэба плянаваць начоўку, бо на кавалку ракі да вузкакалейнай чыгункі зусім няма нармалёвага лесу. Рака працякае па адкрытай мясцовасьці з рэдкімі кустарнікамі. Адзіна нармальным месцам для стаянкі да вадасховішча ля вёскі Гарэнічы павінен разглядацца лес, падыходзячы да ракі правым берагам ля вузкакалейнай чыгункі, што вядзе да тарфяных выкапняў. Гэты кавалак маршрута таксама складае 20 кілямэтраў.
Пасьля мосту ў вёсцы Косаўка цячэньне зьнікае й адчуваецца падпор вадасховішча. На яго берагах даволі шмат рыбацкіх месцаў, як і саміх рыбакоў. Плянаваць тут стаянку непажадана з-за блізкасьці да населеных пунктаў і вялікай колькасьці жадаючых парыбачыць.
Дамба ў Гарэнічах патрабуе абноса, які можна зрабіць з абодвух бакоў, але лепей ставіць байдаркі на ваду з правага берага за дамбай. Побач у вёсцы крама, а так сама аўтобусны прыпынак і аўтобус да Беразіно. Тут можна сплянаваць фініш маршрута.
Далей рэчка Клява зноўку звужаецца да 6-10 мэтраў і адрэзак ракі да вусьця не мяняе характару. Мноства завалаў, дый адсутнасьць нармальнага лесу. Берагі павышаныя дый пазарослыя кустоўем. Магчымасьці зладзіць стаянку адсутнічаюць. Кавалак маршрута ад вузкакалейкі да вусьця складае 15 кілямэтраў.
Фініш можна сплянаваць у вёсцы Чырвоны Бераг на рацэ Бярэзіна, падняўшыся кілямэтар супраць цячэньня, чы наўпрост спыніцца на процілеглым беразе Бярэзіны ад вусьця Клявы, куды можа спакойна пад’ехаць мікрааўтобус. Ну а калі гэтага маршрута выявіцца замала, тады можна працягнуць сплаў па рэчцы Бярэзіна, якая ўжо ў месцы ўпадзеньня Клявы мае 40-50 мэтраў шырыні.
У выніку, максымальная дыстанцыя маршрута па рацэ Клява складае 75 кілямэтраў. Для зніжэньня экстрыма, зьвязаннага з пераадольваньнем першых кілямэтраў, пажадана арганізоўваць паход вясной, чы ў першую палову лета, а так сама запасьцісь цярпеньнем для пераадольваньня невялікіх, але частых завалаў у рацэ.
Геаграфічныя аб’екты на маршруце: в. Карытніца, в Прыборкі, в. Дуброўка, в. Казлоў Бераг, в. Быкавічы, в. Лабушаны, в. Міластава, в. Вяз’е, в. Беразоўка, в. Капланцы, в. Косаўка, м. Гарэнічы, в. Чырвоны Бераг.
Скарыстаныя крыніцы:
Блакiтная кнiга Беларусi. - Мн.:БелЭн, 1994.
http://saloni.by.ru/klub/klava2006.html
http://saloni.by.ru/klub/klava2008.html |