Экстрэмальны водны паход другой катэгорыі складанасці ў няпростых метэаралагічных умовах здзейснілі навучэнцы Вілейскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, паведамляе www.rh.by. Чатыры экіпажы, сярод якіх былі дзве дзяўчыны, на турысцкіх каноэ тыпу "Апач”, прайшлі за два дні 40 кіламетраў па рацэ Страча. У мінулыя часы звычайны паход, без асаблівых цяжкасцяў. Але за апошнія дзесяць год шмат што памянялася: бабры нарабілі запруд, берагі пазарасталі чаротам, трыснягом. Рэчка вельмі звузілася, забалоцілася і ў некаторых месцах стала непраходнай. Але турысты ўсяго гэтага не ведалі.
Да возера Вялікія Швакшты ўдзельнікаў давезлі на аўтобусе каледжа, а лодкі − на грузавіку. Спакавалі каноэ, на сябе надзелі непрамакальныя касцюмы і выратавальныя камізэлькі. Старт адбыўся ад паўднёва-ўсходняга берага. Дзьмуў вельмі моцны сустрэчны вецер – прыйшлося прыціскацца да берагоў. Даволі цяжка было знайсці пачатак рэчкі. Але гэтыя цяжкасці вандроўнікі пераадолелі.
Праз тры кіламетры трапілі ў возера Малыя Швакшты, моцна зарослае з паўднёвага берага. Выхад з возера знайшлі хутка, але тут пачалося. Трыснёг і чарот вельмі моцна звузілі раку, а бабровыя запруды запаволілі яе рух. Праз запруды лодкі прыйшлося перацягваць, праз зараснікі прабівацца. А надвячоркам увогуле падарожнікі ўперліся ў балотныя наплывы, праз якія праходу не было. Ні прабрацца, ні аб’ехаць.
Правялі невялікую нараду і вырашылі заначаваць, а раніцай пашукаць праход. Давялося вярнуцца на два кіламетры назад, дзе былі дрэвы і хоць нейкая суша. Палаткі паставілі на цыраты, назбіралі дроў, загатавалі ваду і заварылі гарбату, а спяваць песні прыйшлося з палатак.
Ранішняя разведка вынікаў не дала: вакол балота і абнесці лодкі немагчыма.
І прыйшлося капітану прыняць вельмі нялёгкае рашэнне – першы раз у жыцці павярнуць назад.
Трыснёг і чарот былі намі ж "прычэсаныя” супраць і прабівацца праз іх было нашмат цяжэй. Павароты, запруды і іншыя перашкоды прыйшлося зноў пераадольваць.
Але цяжкасці загартоўваюць; і хоць пад вечар і спіна, і рукі ледзь разгіналіся, усе былі задаволены вынікам. Начавалі на цвёрдай глебе, на беразе возера Вялікія Швакшты. Праўда, ноччу тэмпература ўпала амаль да замаразкаў.
Ля вогнішча адбылося пасвячэнне ў матросы навічкоў. Працэдура простая і нават прыемная: вяслом ніжэй спіны і востры рыбны бутэрброд з салёна-салодкай гарбатай. Надалей былі песні пад гітару, успаміны пра цяжкасці маршруту. А раніцай прыехалі аўтобус з грузавіком і забралі турыстаў у Вілейку.
На касмічных здымках (maps.google.com) бачна, што праходу насамрэч няма. У летніх умовах можна паспрабаваць з дапамогай бусакоў (доўгіх палак) прапхнуцца праз балотныя наплывы. Але ж летам яшчэ і камары з мошкамі!
Сяргей ПУЧКІН, кіраўнік паходу.
Фота забяспечана аўтарам.
|