Вандроўка па горадзе пабудавана вакол 27 знакавых кропак – будынкаў і мясцін, звязаных з паўстаннем 1863 года, вуліц, якія носяць імя герояў паўстання, паведамляе "Твой Стыль".
Ініцыятарамі складання мемарыяльнага маршрута сталі ўдзельнікі кола раварыстаў.
Алесь Крой, адзін са складальнікаў маршрута:
- Гэта нашая супольная справа. Над гэтым маршрутам працавалі тры чалавекі, пяцёра складаюць маршрут, прысвечаны падзеям паўстання па тэрыторыі ўсёй Гродзенскай вобласці. Праца па гарадскім маршруце скончаная працэнтаў на 80. Зараз наша асноўная мэта - запісаць усе дамы, асобы, вуліцы, звязаныя з паўстаннем. Наступны этап - фатаграфаванне кожнага аб''екта і канчатковае рашэнне - што ўключаць у веламаршрут, а што - не. Той варыянт маршрута, які на сёння атрымаўся, мы выклалі на абмеркаванне. Спадзяемся, людзі адгукнуцца, выкажуць свае заўвагі, прапановы, і наша кола аматараў роварных вандровак пашырыцца. Пакуль ёсць супярэчлівыя кропкі ў маршрутах, увесь час з’яўляюцца новыя звесткі. Асабліва шмат працы па складанні маршрута па Гродзенскай вобласці. Літаральна некалькі дзён таму атрымаў новыя матэрыялы з архіву ў Вільні.
Веламаршрут памяці падзей паўстання 1863 года ў Гродне пачынаецца з вакзала, адным з месцаў збору паўстанцаў, ідзе праз вуліцу Ажэшкі, дзе жылі некалькі ўдзельнікаў паўстання, каля месца Губернатарскага палаца, дзе калісьці "працаваў” Мураўёў-вешальнік (на ягоны загад у гады паўстання паліліся вёскі і шляхецкія ваколіцы на Гарадзеншчыне).
На мапе маршрута адзначаныя дамы, дзе збіраліся ўдзельнікі паўстання, будынак былой мужчынскай гімназіі, навучэнцы якой актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні, клаятары і касцёлы, чыгуначны мост, будаваны удзельнікам паўстання С.Шпольцам.
Могілкі, Фарная аптэка, гарадзенская турма, вуліцы Каліноўскага, Урублеўскага, Дамброўскага…
Сканчаецца маршрут у Грандзічах. Перад паўстанннем у 1862г. на месцы крыжа на ўездзе ў вёску былі знойдзеныя газеты "Мужыцкая праўда”, пакінутыя быццам бы Каліноўскім ці Урублеўскім. Па іншых звестках грандзіцкі парабак Мікалай Таўрэль знайшоў "Мужыцкую праўду”каля статуі Св.Іаана і ткнуў газету ў шчыліну перад абразамі.Чыноўнік Лясота тады кваліфікаваў "гэтую справу” як палітычнае антыдзяржаўнае злачынства.
Выказаць свае меркаванні і парады складальнікам маршрута можна тут. |