Імёны знакавых людзей гродзенскай зямлі імкнецца папулярызаваць нефармальна створанае «Кола сяброў на роварах». Адзін з яго ідэйных натхняльнікаў – краязнавец Алесь Крой. Ён – у ліку распрацоўшчыкаў маршрута «Па мясцінах акадэміка Карскага», паведамляе Радыё Рацыя. Алесь Крой вярнуўся з веласіпеднай вандроўкі і мяркуе, што прыцягнуць людзей розных пакаленняў да краязнаўства можна практычным спосабам, пешшу і на веласіпедах. – Адчуванне выдатнае. Проста супер! Я гэты маршрут на аўтамабілі аб’ехаў не аднойчы. Адчуванні на веласіпедзе зусім іншыя. Таму што гэта бліжэй да зямлі нашай. А наша зямля – гэта наша мова, культура, усё становіцца бліжэй. Калі ты сядзіш у машыне ці аўтобусе, неяк гэтага не адчуваеш. Ты ходзіш тымі сцяжынкамі, п’еш тую ваду, якую мабыць піў акадэмік Карскі. Ужо цяпер «Кола сяброў на роварах» плануе іншыя вандроўкі. Па выніках першых вандровак будуць складацца інтэрактыўныя карты, якія дапамогуць іншым групам актыўных турыстаў. |