Нягледзячы на дрэннае надвор’е, 24-26 траўня 2013 года на Аўгустоўскім канале адбыўся штогадовы кубак Беларусі па турысцка-прыкладным шматбор’і "Нёманская вясна”, паведамляе "Твой Стыль". У гэтым годзе спаборніцтвы адкрылі сезон у апошнім месяцы вясны, хоць традыцыйным пачаткам сезона лічыцца красавік.
Спаборнічаюць удзельнікі не малодшыя за 16 гадоў, а ў класе катамаранаў дапускаецца ўдзел аднаго ўдзельніка з 14 гадоў.
Спаборніцтвы праходзяць у класе байдарак і катамаранаў на доўгай і кароткай дыстанцыях у камандным і асабіста-камандных складах. Турысты выступаюць на разборных судах з мяккай абалонкай, каяках і байдарках у дзвюх групах. Першую групу ўтвараюць зборныя каманды абласцей і Мінска, другую – каманды гарадоў, раёнаў, навучальных устаноў, спартыўных і турыстычных клубаў. Пераможцы ўзнагароджваюцца каштоўнымі прызамі, медалямі і дыпломамі Міністэрства спорту і турызму. Арганізатарамі спаборніцтваў з’яўляюцца Міністэрства спорту і турызму, Рэспубліканскі турыстка-спартыўны саюз і ўпраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама. Здымкі Юліі Лыткінай і Юліі Каляды |