Калісьці я і сам актыўна займаўся самадзейным спартыўным турызмам. Хадзіў у горныя паходы на Цянь-Шань, Каўказ, Алтай, у лыжныя — на Хібіны, сплаўляўся на байдарцы па прыгожай беларускай рэчцы Бобр.
Але тады, у канцы 1980-х, гэтае захапленне не патрабавала вялікіх грошай. Прынамсі, да запалярнага горада Апатыты можна было даехаць цягніком, калі мяне не падводзіць памяць, рублёў за трыццаць.
Зараз, з улікам кошту квіткоў, мне здавалася, што турызм — захапленне адзіночак. Аказалася, я вельмі памыляўся.
Зусім нядаўна сваё дваццацігоддзе адзначыў турыстычны клуб "Ветразь" Салігорскага гарадскога ўнітарнага вытворчага прадпрыемства "ЖКГ "Комплекс". Клуб створаны ў 1992-м з лёгкай рукі былога дырэктара камунальнай службы сталіцы беларускіх шахцёраў Барыса Крычмара. А таксама пры ўдзеле заўзятых аматараў падарожжаў. Адным з іх быў электраманцёр і адначасова (на грамадскіх асновах) інструктар-арганізатар па спорту Анатоль Будзько. Неўзабаве ён і ўзначаліў "Ветразь".
Члены клуба здзейснілі каля сотні паходаў — пешагорных, водных, веласіпедных. Напрыклад, у Карпаты. Неаднаразова падарожнічалі па Каўказе, Крыме, Карэліі. А ў Беларусі ўжо, пэўна, не засталося месцаў, дзе б яшчэ не пабывалі салігорскія турысты.
— Вось і летась здзейснілі два веласіпедныя паходы, — расказвае Анатоль Будзько. — Па беларускіх рэках Свіслач, Прыпяць, Случ на байдарках сплаўляліся. Падарожнічалі байдарачнікі пад кіраўніцтвам вопытнага турыста Пятра Бульбянкова і за межамі рэспублікі: пакаралі адну з наравістых рэк у Карэліі.
Арганізоўваюцца вандроўкі і праводзяцца за ўласны кошт удзельнікаў. Але ня толькі. Даволі часта спонсарскую дапамогу энтузіястам з "Ветразя" аказвае ЖКГ "Комплекс". Прадпрыемства паклапацілася і пра турысцкі рыштунак — намёты, спальныя мяшкі, спецыяльныя дыванкі, карабіны, вяроўкі, байдаркі і многае іншае.
Зрэшты, "Ветразь" узяў на сябе і спартыўна-масавую работу. Штогод ветразеўцы ладзяць сярод работнікаў камунальнай службы Салігоршчыны больш дзясятка спаборніцтваў па розных відах спорту, фарміруюць каманды для раённых і абласных спаборніцтваў. Дарэчы, выступаюць каманды вельмі паспяхова. Так, зборная ЖКГ "Комплекс" двойчы займала другое месца ў спартакіядзе сярод камунальнікаў Міншчыны — па выніках 2011 і 2012 гадоў.
Багаты вопыт маюць актывісты клуба Юрый Кудзялевіч, Сяргей Курбан, Алег Лагуцін, Алег Пракаповіч, Ігар Смірноў, Іван Клімчанка, Павал Бойка, Таццяна Суворава, Надзея Паляшчук, Іна Клімчанка і многія іншыя ў правядзенні турыстычных злётаў. Ветразеўцы дапамагаюць у арганізацыі такіх злётаў ня толькі ў родным раёне, але і на Брэстчыне.
Дзякуючы "Ветразю" спорт і турызм сталі любімым захапленнем для многіх работнікаў ЖКГ "Комплекс". Клуб з задавальненнем наведваюць і працаўнікі многіх іншых прадпрыемстваў Салігоршчыны. Акрамя таго, пад уплывам "Ветразя" падобныя аб’яднанні пачалі дзейнічаць, скажам, у "Беларуськаліі", у Салігорскім інстытуце праблем рэсурсазберажэння, іншых калектывах. Сяргей Квіткевіч, "Мінская Праўда"
|