З 24 па 29 чэрвеня грамадскае аб’яднанне "Адпачынак на вёсцы” арганізавала для групы веласіпедыстаў з Фінляндыі тур па Браслаўскім, Міёрскім і Расонскім раёнах, паведамляе "Браслаўская Зорка". У Браславе турысты адпачывалі на аграэкасядзібе "Петухоўшчына” з 24 па 26 чэрвеня. Пасля таго, як яны ўладкаваліся, пасмакавалі духмяную юшку, адправіліся на веласіпедах на экскурсію па Браславе. Іх вельмі ўразіла прырода, прыгажосць і дагледжанасць райцэнтра. А на наступны дзень турысты раздзяліліся на тры групы: першая, у склад якой уваходзілі найбольш вынослівыя і падрыхтаваныя веласіпедысты, рушылі на гару Маяк, у Краснагорку, Слабодку. Суправаджаў іх у паездцы наш мясцовы веласіпедыст са стажам Генрых Дзямідка. Дзве астатнія групы наведалі Слабодку, дзе пабылі ў касцёле і на возавай градзе.
Жадаем выказаць шчырую падзяку супрацоўнікам памежнай службы, якія аператыўна далі дазвол групе праехаць транзітам па тэрыторыі прыгранічнай зоны, і ксяндзу Лешэку, які адкрыў касцёл у Слабодцы, каб той маглі наведаць турысты. Вечарам веласіпедысты вярнуліся на сядзібу стомленыя, але задаволеныя. А ўжо раніцай наступнага дня адправіліся ў Міёрскі раён на балота Ельна. Запланавана была ў іх і экскурсія з начоўкай у Зачарэўе. Затым іх шлях ляжаў у в. Клясціцы, дзе шмат гадоў працуе зялёны маршрут "Блакітныя каралі Расоншчыны”.
Тур па Віцебскай вобласці заказала жыхарка Фінляндыі, якая шмат гадоў таму назад была ў турыстычнай паездцы па Беларусі і ў Мінску. Ёй у нас вельмі спадабалася, і жанчына марыла прыехаць сюды менавіта на веласіпедную экскурсію.Група была рознаўзроставая. Асабліва ўразіла руска-фінская сям’я, якая жыве ў прыгарадзе Хельсінкі. Яны вельмі любяць падарожнічаць менавіта на веласіпедах, бо гэта не толькі зручна, а і экалагічна. Сям’я вегетарыянская. Але не ўстрымаліся, каб не паспрабаваць "маякоўскую” каўбасу, прыгатаваную на грылі.
У іх маленькі чатырохгадовы сын. З бацькамі на веласіпедзе хлопчык падарожнічае з шасцімесячнага ўзросту. Для яго спецыяльна абсталяваны веласіпед. Сям’я падарожнічае таксама па Расіі, Украіне. На наступны год яны маюць намер сабраць большую каманду аматараў такіх прагулак і зноў прыехаць на Браслаўшчыну. |