Нашае падарожжа працягнулася ўсяго некалькі гадзін і ахапіла два фарты, што знаходзяцца побач з горадам: гэта форт №8 і парахавы пограб фарта №7. Здавалася б, што новага нам могуць распавесці гэтыя бетонныя глыбы, што засталіся з 1-й Сусветнай вайны?
Аднак самай першай нечаканасцю для нас было тое, што каля фарта№8 ідзе вялікая вырубка лесу і завалы бярвення адразу нагадалі мне пра сібірскія лесапавалы, дзе працавалі калісьці зняволеныя.
Восьмы форт каля вёскі Гібулічы – каменны іспалін, які будаваўся ў 1913-1915 гг. расейскім інжынерам-палкоўнікам Віктарам Патрэсавым – зараз знаходзіцца ў вельмі запушчаным стане.
Каменныя глыбы раскіданыя на адлегласці болш за 100 метраў пасля выбуху, які зрабілі расейскія войскі пры адступленні падчас 1-й сусветнай вайны. На сённяшні момант захаваўся толькі правы бруствер фарта з ўваходам, які вельмі ўражвае. На гэтым каменным ўваходзе і па ўсёй даўжыні часткі крэпасці ладзяць свае трэніроўкі спелеолагі і альпіністы, што прыяджаюць сюды з усёй Беларусі.
Амаль гадзіну мы аглядалі камяні і падземныя галерэі фарта з надзеяй знайсці нейкія ўспаміны пра вайну, што адбылася тут амаль сто год таму.
Другой кропкай нашага маршруту быў парахавы склад фарта №7. Сам форт знаходзіцца ў вёсцы Малая Альшанка, а парахавы склад – у полі. З дарогі можна падумаць, што зялёная выспа пасярод поля – проста нейкі ўзгорак. Аднак гэты ўзгорак, што парос дрэвамі – таксама кавалкі бетону, што пакінула нам амаль стогадовая гісторыя.
Усім гарадзенскім велападарожнікам раю праехацца вакол гораду і ўбачыць сваімі вачыма дзівосы, што знаходзяцца побач.