Шаноўныя сябры!
Запрашаем Вас прыняць удзел у прыгодніцкай гонцы "Белы Ковель”, якая адбудзецца 2-4 жніўня каля Оршы.
Гонка "Белы Ковель” – традыцыйная спартыўна-прыгодніцкая гонка з акцэнтам на культурную спадчыну і гістарычныя мясціны Верхняга Падняпроўя.
Падчас пераадолення дыстанцый Вы зможаце павандраваць па маляўнічых абшарах Аршаншчыны пешшу і на веласіпедзе, паказаць спрыт на вяровачных тэхнічных этапах, выявіць сябе ў спартыўным арыентаванні, пастраляць з сапраўдных лукаў. Большасць кантрольных пунктаў, якія ўдзельнікам давядзецца вышукваць на мясцовасці з дапамогаю мапы ды сродкаў навігацыі, уяўляюць сабой архітэктурную, гістарычную, археалагічную каштоўнасць.
Руіны замка і культавых пабудоў, акутаныя таямнічымі паданнямі гарадзішчы і курганы-валатоўкі, сцюдзёныя крыніцы і прахалодныя паркі, месцы былых непрыступных крэпасцяў і гістарычных бітваў, вір сучаснага горада і ціхія закуткі старажытнай Оршы – вось з чым прыйдзецца сустрэцца на дыстанцыях гонкі!
А ў дзікіх Арэхаўскіх лясах Вы зможаце сплавіцца па часцы ажыўленага некалі шляху "з вараг у грэкі” з пераадольваннем сапраўдных волакаў, паблукаць па дрыгвяністых міжазёрных перашыйках з рэшткамі старажытных дубраў.
Выбірайце свой клас для ўдзелу!
Удзельнікам, што ўпэўненыя ў сваіх сілах і гатовыя ўпарта змагацца за перамогу над сабой і сваімі супернікамі, прапануюцца стандартныя класы Про, Вела і Трэк, працягласць і насычанасць якіх будзе трымаць у фізічным і маральным напружанні ўвесь час, да апошняга кроку на дыстанцыі, да апошняга націску на педаль веласіпеда і да апошняга ўзмаху вяслом…
Для тых, хто вырашыў паспрабаваць смак прыгодаў упершыню, для сямейных камандаў прапануюцца больш лёгкія аматарскія класы Вела і Трэк, якія пераадольваюцца на працягу светлавога дня.
А вось для тых, хто ўжо вырас з аматарскага класу, але яшчэ не вырашаецца паўдзельнічаць у сапраўдным Про-класе, прапануем новы аматарскі клас Про-Лайт, які ўключае большасць элементаў стандартнага Про, але ў скарочаным, аблегчаным варыянце.
Асаблівасцю нашай гонкі стане рагейнавая пабудова дыстанцый – адвольны выбар чарговасці прахаджэння этапаў і ўзяцця кантрольных пунктаў. Рагейн праявіцца як у тым, што большасць пікетаў – неабавязковыя (бонусныя, што маюць свой кошт у балах у залежнасці ад складанасці і размяшчэння), так і ў тым, што камандам прыйдзецца няслаба напружыць звіліны, каб самім выбраць той парадак прахаджэння этапаў, такую тактыку ўзяцця пікетаў, якія прывядуць іх на вяршыню "Белага Ковеля”!
У матэрыялах, атрыманых ўдзельнікамі гонкі, будзе ненадакучліва размешчана інфармацыя пазнавальнага характару аб мясцовасці, помніках гісторыі і архітэктуры. Атрымаецца своеасаблівая экскурсія па гэтых цудоўных мясцінах, што аблегчыць напружанасць спартыўнага змагання, пазнаёміць удзельнікаў з беларускай спадчынай, гісторыяй і паспрыяе папулярызацыі ведаў аб Беларусі.
Чакаем Вас на прыгодніцка й гонцы "Белы Ковель”!
Будзем рады бачыць Вас!
Старонка гонкі ў Сеціве – http://promwadtour.com
Абмеркаванне гонкі - http://forum.poehali.net
Кантактная інфармацыя: +375-29-2647731 Дзмітрый Траскоўскі belykovel@gmail.com |